Пуцін: «Трэба энергічней займацца межамі Расеі»
- 15.09.2008, 17:59
Прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў сёння, 15 верасня, аб неабходнасці больш энергічных дзеянняў па ўладкаванні дзяржмежаў РФ.
На паседжанні прэзідыўма ўрада РФ Пуцін сказаў: "Мы нямала зрабілі для таго, каб уладкаваць мяжу на самым небяспечным для нас напрамку - на паўднёвым, але на гэтым аб'ём задач не скончваецца, ён вельмі вялікі, трэба дзейнічаць больш энергічна".
Ён нагадаў, што ў 2007 годзе было створана Федэральнае агенцтва па ўладкаванні мяжы, перад якім і была пастаўленая задача па стварэнні сучаснай і надзейнай сеткі памежных пунктаў пропуску.
"Сёння прымем рашэнні па арганізацыйных пытаннях дзейнасці Федэральнага агенцтва, у прыватнасці, аб колькасці ягоных тэрытарыяльных органаў і чакаем ад гэтага ведамства якаснай і сур'ёзнай працы", - сказаў прэм'ер-міністр РФ.
Ён назваў галоўнай задачай фарміраванне памежнай інфраструктуры, камфортнай для грамадзян і развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці, перадае «Інтэрфакс».