BE RU EN

«Радыё Свабода»: «Амапаўцы павалілі дзяўчынку на зямлю, схапілі за валасы»

  • 16.09.2008, 19:44

За хадой акцыі салідарнасьці, дзе сёньня зьбілі актывістаў апазыцыі, сачыла карэспандэнтка “Радыё Свабода” Любоў Лунёва. Падаем яе рэпартаж.

“Зараз я знаходжуся на вуліцы Старажоўскай. Менавіта сюды З Кастрычніцкай плошчы выціснулі натоўп людзей. Адразу, як людзі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу, супрацоўнікі міліцыі пачалі ім пагражаць затрыманьнямі, казалі, што іх акцыя несанкцыянаваная. Кандыдаты ў дэпутаты казалі, што гэта папросту перадвыбарчая кампанія, і перадвыбарчая агітацыя. Гэта ніяк не паўплывала на амапаўцаў. і яны пачалі выціскаць людзей з плошчы.

Першая сутычка адбылася, калі яны пачалі штурхаць і зьбіваць лідэра АГП Анатоля Лябедзьку. Як толькі натоўп прайшоў вуліцу Інтэрнацыянальную і даўшоў да вуліцы Янкі Купалы, людзі разьдзяліліся на 2 групы, адная пайшла ў бок вуліцы Максіма Багдановіча...

Амапаўцы накінуліся на адным рагу на Франака Вячорку і іншых удзельнікаў акцыі і пачалі зьбіваць. Франака Вячорку некалькі разоў ударылі ў пах. Вельмі моцна зьбілі, у яго нага зараз у крыві. Вінцук Вячорка намагаўся ўратаваць сваго сына, яго таксама ўдарылі. Яму пабілі акуляры. Некалькі ўдзельнікаў, у тым ліку і жанчыны былі зьбітыя. Кіроўцы аўтамабіляў спынілі рух і крычалі на амапаўцаў, каб яны спынілі зьбіваць людзей.

Людзі не парушалі правілы дарожнага руху, паводзілі сябе мірна. Амапаўцы адну дзяўчынку павалілі на зямлю, схапілі за валасы. Зьбівалі і тых, у каго не было бел-чырвона-белых сьцягоў.

Франак Вячорка сказаў, што яшчэ ня ведае, ці будзе здымаць пабоі. Ён сказаў, што ня можа апазнаць амапаўца, які яго зьбіваў. Яны ўсё былі ў форме. Некаторыя амапаўцы апранулі адмысловыя пальчаткі.

Начальніка палку АМАПа (нядаўна прызначанага) не было, камандаваў амапаўцамі камандзір, які кіруе патрульна-паставой службай".

Апошнія навіны