Акцыя салідарнасці з сем’ямі зніклых лідэраў апазіцыі ў Менску (Фота)
- 17.09.2008, 14:59
16 верасня а 20.00 актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" правялі акцыю ў памяць аб зніклых у Беларусі апазіцыянерах.
У скверы на бульвары Талбухіна, насупраць парка імя Чалюскінцаў, маладзевыя актывісты выклалі кола са свечак і партрэтаў зніклых палітыкаў.
“Нашы дзеянні выклікалі зацікаўленасць мінакоў , нечакана яны пачалі актыўна абмяркоўваць сітуацыю ў краіне. Было прыемна, што людзі не праходзілі абыякава, а затрымліваліся паглядзець і запытаць што адбываецца. Мы расказвалі пра зніклых у Беларусі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага і Юры Захаранка”, -- кажа адзін з удзельнікаў акцыі.
Нагадаем, што першы віцэ-спікер Вярхоўнага савету Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар бясследна знік у Менску 16 верасня 1999 года. Разам са сваім сябрам, бізнэсмэнам Анатолем Красоўскім Ганчар вяртаўся дадому. Крыху пазней на меркаваным месцы выкрадання - вуліцы Фабрычнай – былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і кроў выкрадзеных.
У траўні 1999 года знік Юры Захаранка - экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам. Улетку 2000 года знік аператар ГРТ Дзмітры Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.
Аб неабходнасці высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне выявіць праўду аб іх знікненні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкай асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.
Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.



