Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» абвешчаны адной з ключавых батанічных тэрыторый Еўропы
- 17.09.2008, 16:17
Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры», размешчаны на тэрыторыі Віцебскай вобласці, уключаны ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку і абвешчаны адной з ключавых батанічных тэрыторый Еўропы.
Такое рашэнне прынятае Міжнароднай арганізацыяй па ахове раслін «Планета Еўропа», перадае Агенцтва РБІ.
На дадзеным этапе Нацыянальная акадэмія навук РБ сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацоўваюць план упраўлення парком, разлічаны да 2013 года. Усе вызначальныя мерапрыемствы накіраваныя на захаванне найболей каштоўных аб'ектаў «Браслаўскіх азёр», падтрыманне стабільнасці экалагічных сістэм, прадугледжвае меры па развіцці экатурызма, абмежаванні сельскагаспадарчай дзейнасці.
Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» размешчаны на паўночным захадзе Беларусі і займае плошчу 69 115 гектараў. На ягонай тэрыторыі знаходзіцца больш за 60 азёр, насяляе парадку 45 відаў млекакормячых, 200 відаў птушак, 10 відаў амфібій і 6 відаў рэптылій, расце каля 500 розных відаў раслін.