Замяталіна прыціснулі
- 18.09.2008, 12:22
У Беларусі кінавытворчасць знаходзіцца "у цісках падатковага прэса". Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Замяталін 17 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Паводле ягоных словаў, на падаткаабкладанне кінастудыі распаўсюджваюцца правілы, прынятыя для вытворчых прадпрыемстваў. Пасля выплаты 18% падатку на дададзеную вартасць (ПДВ), кінастудыя плаціць з сумы, якая застаецца, 25% іншых падаткаў, у ліку якіх падатак на прыбытак, падатак на нерухомасць, якая існуе на тэрыторыі кінастудыі, і нават 2% сельгаспадатку. Пры гэтым, у Расеі кінавытворчасць абкладаецца толькі 18% ПДВ. "Гэта і называецца дзяржаўная падтрымка кінематографа", — лічыць У.Заметалин.
Як паведамляе БелаПАН, ён таксама выказаў незадаволенасць існуючымі планавымі паказчыкамі, якія кінастудыя павінна выконваць нароўні з заводамі і іншымі прадпрыемствамі. У іх ліку — планы па эканоміі электраэнергіі, якія, на думку гендырэктара, для "Беларусьфільма" павінны быць адаптаваныя. "Кінастудыя не можа ў цемры здымаць кіно", — падкрэсліў ён.
"Да кінастудыі павінен быць трапяткі і клапатлівы падыход", — падтрымаў пазіцыю У.Замяталіна дырэктар дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Максім Буданаў.
Акрамя таго, па словах У.Замяталіна, у сённяшні час для "Беларусьфільма" характэрная праблема недахопу кадраў. Па-першае, у краіне бракуе кваліфікаваных выкладчыкаў для падрыхтоўкі моладзі. "Сярод выкладчыцкага складу — у асноўным былыя камсамольскія, партыйныя працаўнікі, журналісты, якія навучаюць прафесійных рэжысёраў і акцёраў", — заявіў ён. Па-другое, на думку гендырэктара кінастудыі, у Беларусі адсутнічаюць методыка пошуку і адбору талентаў, нацыянальная школа. Акрамя таго, існуе праблема ўцечкі кадраў за мяжа, у Расею, дзе магчымасці і зарплаты больш.
У.Замяталін таксама агучыў праблему страты аўтарскіх правоў на прыблізна 5 тыс. фільмаў кінастудыі, якія пасля распаду СССР засталіся ў архівах Расеі. "Беларусь мае права прапанаваць Расеі вярнуць назад тое, што ёй не належыць", — лічыць ён. На думку Ў.Замяталіна, неабходна ініцыяваць разгляд гэтага пытання на паседжанні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.