Злачынцы ў пагонах пагражалі забіць маці кандыдата ад апазіцыі
- 18.09.2008, 15:31
17 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна г.Віцебску абвешчаны прысуд у адносінах супрацоўнікаў міліцыі Шушко і Маханькова, якія перавысілі паўнамоцтвы і збілі ні ў чым не вінаватага чалавека. Пасля суду яны пагражалі маці кандыдата ад апазіцыі, якая прыйшла на працэс.
Шушко быў вынесены прысуд 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 4 гады – Маханькову. Нягледзячы на прысуд, Шушко і Маханькоў не былі ўзятыя пад варту ў зале суда. Суд растлумачыў, што да ўступлення прысуда ў сілу яны застаюцца пад хатнім арыштам.
Пры выхадзе з будынка суда Шушко падышоў да групы жанчын, у якой знаходзілася маці пацярпелага, і пачаў ёй грубіць Жанчыны, сярод якіх была 70-гадовая Ефрасіння Лявінава, маці кандыдата ў дэпутаты ад апазіцыі Андрэя Лявінава, звярнуліся да афіцэраў міліцыі, якія знаходзіліся побач, з патрабаваннем прыцягнуць правапарушальніка да адказнасці. Афіцэры міліцыі рэтыраваліся. Да Ефрасінні Лявінавай падышоў малады чалавек са словамі: «А табе не доўга жыць засталося». Збянтэжаная жанчына толькі і змагла сказаць: «Што зробіш, узрост». У адказ пачула: «Мы табе дапаможам!». Грамадзянін хуткім крокам, не паварочваючыся, выдаліўся за кут будынка. Да месца здарэння быў выкліканы нарад міліцыі, паведамляе кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Па дадзеных фактах у органы ўнутраных спраў пададзеныя заявы. Ефрасіння Лявінава да цяперашняга часу не можа акрыяць ад шоку.