Выбарчыя камісіі «згубіліся» у часе
- 22.09.2008, 10:14
Выбарчы ўчастак №56 Кастрычніцкага раёна г. Віцебска (Віцебская-Кастрычніцкая выбарчая акруга №20) аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства. На першы погляд.
Але калі ўважліва прачытаць план працы ўчастковай выбарчай камісіі, размешчаны на інфармацыйным стэндзе, можа стварыцца ўражанне, што на канкрэтна вызначанай тэрыторыі Віцебска ўтварылася часавая варонка, дзе час вярнуўся назад, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Такім чынам, з плану камісіі вынікае, што:
- абвяшчэнне выбаршчыкам часу і месца галасавання чальцы камісіі павінны выканаць не пазней за 3 студзеня 2007 году ўключна (гэта значыць, за паўтара гады да абвяшчэння даты «выбараў»?);
- чальцы камісіі павінны атрымаць ад Віцебскай гарадской выбарчай камісіі па «выбарах» у гарадскі Савет дэпутатаў і ад акруговай выбарчай камісіі па выбарах у абласны Савет дэпутатаў бюлетэні для галасавання не пазней за 17 верасня 2008 года (а каму ж выдасць бюлетэні акруговая выбарчая камісія Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №20?);
- участковая выбарчая камісія арганізуе датэрміновае галасаванне з 23 па 27 верасня 2008 года (у плане адсутнічаюць мерапрыемствы па дні «выбараў» – 28 верасня: мабыць, галасавання ў гэты дзень зусім не мяркуецца?);
- пасля датэрміновага галасавання старшыня камісіі падае пратакол камісіі аб выніках галасавання ў акруговую выбарчую камісію і ворган, які ўтварыў камісію (якую камісію: па выбарах у абласны Савет дэпутатаў ці ў «палату прадстаўнікоў» – незразумела, зыходзячы з папярэдніх пунктаў).