Франак Вячорка заклікаў урад Швэцыі не прызнаваць «выбары» у Беларусі
- 22.09.2008, 10:16
Адзін зь лідэраў “Моладзі БНФ” Франак Вячорка ўзяў удзел у канфэрэнцыі моладзевага крыла партыі Мадэратаў, прысьвечанай замежнай палітыцы Швэцыі.
Малады палітык заклікаў швэдзкіх палітыкаў не прызнаваць вынікі выбараў у «палату прадстаўнікоў», якія адбудуцца 28 верасьня, як непразрыстыя і неадпаведныя стандартам АБСЭ.
Паводле Франака Вячоркі, апазыцыя будзе патрабаваць новых выбараў: “Адзіны шанец для ўладаў Беларусі – правесьці свабодныя «выбары», а гэта значыць наступнае: зарэгістраваць дэмакратычных кандыдатаў, уключыць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, даць роўны доступ да мэдыяў, не чыніць перашкодаў пры зборы подпісаў ці агітацыі, у рэшце рэшт, не выключаць з унівэрсытэтаў і не саджаць у турмы палітычна актыўную моладзь".
У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел міністр замежнага разьвіцця Гуніла Карлсан, амбасадары Расеі, ЗША і Ізраіля, дэпутаты Рыксдагу.
Нагадаем, што Франак Вячорка быў жорстка зьбіты падчас акцыі салідарнасьці 16 верасьня. Супрацоўнікі АМАПу сілком выціснулі людзей з Кастрычніцкай плошчы Менску. Затым амапаўцы гвалтоўна вялі іх пад канвоем у бок вуліцы Багдановіча. На перакрыжаванні вуліцаў Інтэрнацыянальная і Янкі Купалы ўдзельнікі акцыі спыніліся і заявілі, што не маюць намер рухацца далей. Пасля гэтага амапаўцы накінуліся на людзей, адбіралі ў удзельнікаў акцыі партрэты зьніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі, раздзіралі нацыянальныя і еўрапейскія сцягі. Людзей білі дубінкамі па нагах і па целе. Намесніку Партыі БНФ Вінцуку Вячорку амапаўцы разбілі акуляры, калі ён кінуўся абараняць свайго сына Франака.