BE RU EN

Лукашэнка загадаў міжнародным назіральнікам слухацца «гаспадароў»

  • 22.09.2008, 12:28

Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе аб ходзе «выбараў» заявіў, што назіральнікі на выбарчых участках павінны ва ўсім слухацца «гаспадароў» -- старшыняў і чальцоў выбаркамаў.

"Хачу падкрэсліць: ва ўчастковых, акруговых выбарчых камісіях, Цэнтравыбаркаме гаспадары - чальцы камісіяў і старшыні. Як яны скажуць, так і павінна быць", - сказаў беларускі кіраўнік.

"А то мы ўжо так пад дудку назіральнікаў і Захаду скакалі, што некаторыя кіраўнікі камісіяў на месцах паціскаюць плячыма і кажуць: а можа, яны і далей камандаваць будуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што варта перарываць чые б ні было спробы падмяніць сваёй ініцыятывай дзейнасць старшыняў і чальцоў выбаркамаў. "Мы ні ад каго нічога не хаваем, але гаспадар - старшыня камісіі. Хочаце вырашыць якое-небудзь пытанне - ідзіце да старшыні і вырашайце", - сказаў ён, дадаўшы, што менавіта камісіі адказваюць за ход і вынікі галасавання.

"Умешвацца ў сітуацыю ніякім назіральнікам не будзе дазволена", - яшчэ раз падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён выказаў задаволенасць ходам падрыхтоўкі да галасавання. "Шмат хто кажа, што кампанія праходзіць занадта ціха і спакойна. Але я кажу: слава Богу, што так", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаем, што з 70.000 чальцоў участковых выбарчы камісіяў усяго 47 чалавек з'яўляюцца прадстаўнікамі дэмакратычных палітычных партыяў і арганізацыяў.

Апошнія навіны