Беларускія эканамісты «аблічыліся» на 2 мільёны
- 22.09.2008, 15:43
Беларускія і балгарскія эканамісты па-рознаму ацэньваюць таваразварот паміж двума дзяржавамі, сказаў Надзвычайны і Паўнаважны амбасадар Балгарыі ў Беларусі Петко Ганчаў на прэс-канферэнцыі ў Менску.
"За першыя 6 месяцаў бягучага года таваразварот паміж Балгарыяй і Беларуссю па балгарскіх адзнаках склаў $42 млн, беларускія жа спецыялісты прыводзяць лічбу ў $44 млн", - адзначыў балгарскі амбасадар.
Па словах П.Ганчава асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Балгарыю гэта прадукцыя машынабудавання (трактары, рухавікі, цягачы). Балгарыя пастаўляе ў нашую краіну фармацэўтычныя тавары, абсталяванне для харчовай прамысловасці, тэхніку і касметычныя тавары, паведамляе «Інтэрфакс – Захад».
Амбасадар Балгарыі са шкадаваннем адзначыў, што з-за кватавання ў галіне імпарту алкагольнай прадукцыі, балгарскія вытворцы вінаў практычна страцілі беларускі рынак. Амбасадар тлумачыць гэта тым, што квоты на імпарт вінаў у асноўным атрымалі дзяржаўныя прадпрыемствы, тады як балгарскія вытворцы і прадаўцы алкагольнай прадукцыі працавалі ў асноўным з прадстаўнікамі беларускага прыватнага бізнеса.