BE RU EN

Артур Фінькевіч папаў у аўтакатастрофу

  • 22.09.2008, 17:07

Адзін з лідэраў "Маладога фронта" Артур Фінькевіч ледзь не загінуў у аўтакатастрофе. У "Опеля-Амега", у якім ехаў малады палітык, на хуткасці 100 кіламетраў адвалілася кола. Машына выляцела з трасы і тры разы перакулілася. У салоне знаходзіліся яшчэ двое маладафронтаўцаў.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў суботу, калі Артур Фінькевіч вяртаўся з Гародні пасля сустрэчы з мясцовымі актывістамі. Падчас яе абмяркоўваўся план падрыхтоўкі да прызначанай на 28 верасня апазіцыяй акцыі пратэсту.

- Я адразу хачу сказаць, што аўтамабіль быў тэхнічна спраўны. Самі па сабе пяць балтоў, якімі мацуецца кола, адначасова раскруціцца не маглі. Таму я не выключаю палітычнай падаплёкі гэтага здарэння. У Гародні я заклікаў моладзь прыехаць 28 верасня ў Менск, каб прыняць удзел у акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Гэтая праца па мабілізацыі моладзі магла камусьці вельмі не спадабацца, - сказаў Фінькевіч у інтэрв'ю "Мы".

Як распавядаюць відавочцы, маладафронтаўцам вельмі пашанцавала, што пасля такога здарэння ніхто з іх сур'ёзна не пацярпеў. Але сам аўтамабіль рамонту не падлягае. А злапомнае кола было знойдзена ў 50 метрах ад дарогі.

Апошнія навіны