BE RU EN

У суд пададзеная скарга на незаконнасць фарміравання ўчастковых камісіяў

  • 23.09.2008, 10:42

У Менскім гарадскім судзе на 25 верасня прызначаны разгляд скаргі аб незаконнасці фарміравання ўчастковых выбарчых камісіяў (УВК) адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Менска.

Скаргу ў суд Цэнтральнага раёна накіравалі праваабаронца Гары Паганяйла, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік выканкама АГП Ігар Шынкарык і актывісты партыі Аксана Крышчановіч і Аляксандр Сяргеенка. Яны заявілі, што дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фарміраванні УВК з'яўляюцца незаконнымі і ўшчамляюць іх канстытуцыйныя правы. З суду Цэнтральнага раёна грамадзянская справа перададзеная ў сталічны суд, перадае прэс-служба АГП.

У скарзе адзначана, што ва ўчастковыя выбарчыя камісіі прадстаўнікі АГП не былі ўключаныя, прычым не толькі ў Цэнтральным раёне. У іх склад па Менску не ўвайшоў ні адзін з 151 дэлегаванага прадстаўніка АГП, а ад палітычных партыяў уключаныя толькі 4 прадстаўнікі (1 — БНФ, 3 — ПКБ). «Паводле якіх крытэрыяў адбываўся адбор у склад УВК, невядома. Чаму перавага аддадзена адным, а іншым адмоўлена — ні ў рашэнні, якое абскарджваецца, ні ў тлумачэннях службовых асобаў адміністрацыі Цэнтральнага раёна не паказваецца. Нягледзячы на настойлівыя патрабаванні падаць для азнаямлення рашэнне і матэрыялы па фарміраванні УВК, нам у гэтым было адмоўлена», — адзначаюць аўтары звароту.

Яны падкрэсліваюць, што з 52 участковых камісіяў, утвораных адміністрацыяй Цэнтральнага раёна, 34 (65,4%) знаходзяцца ў памяшканнях установаў адукацыі. У іх склад, ў асноўным, уключаныя выкладчыкі і іншыя працаўнікі гэтых установаў. Тым самым, падкрэсліваецца ў скарзе, парушаны прынцып роўнага прадстаўніцтва і патрабаванні закона аб тым, што ў склад участковай камісіі ад працоўнага калектыва могуць вылучацца толькі па адным прадстаўніку.

Паводле словах заяўнікаў, якіх не ўключылі ва УВК Цэнтральнага раёна Менска, маюцца шматлікія прыклады, калі ў склад ўчастковых камісіяў «увайшла абсалютная большасць чальцоў аднаго і таго жа працоўнага калектыва, ўстановы, прадпрыемствы, арганізацыі». Пры гэтым, усе яны знаходзяцца ў падвойным падначаленні непасрэднага начальніка і старшыні камісіі ў адной асобе.

Гары Паганяйла і прадстаўнікі АГП звяртаюцца ў суд з просьбай прызнаць, што дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісіяў «ўшчамляюць правы грамадзянаў і юрыдычнай асобы — Палітрады АГП, а само рашэнне — незаконным». І абавязаць адміністрацыю Цэнтральнага раёна прыняць новае рашэнне аб фарміраванні ўчастковых камісіяў з уключэннем у іх прадстаўнікоў АГП.

Разгляд скаргі пачнецца ў Мінгарсудзе 25 верасня ў 14.00.

Апошнія навіны