Пакупнікі з'елі прадукты ў гіпермаркеце
- 25.09.2008, 8:38
Незвычайны апетыт наведвальнікаў здзівіў супрацоўнікаў гарадзенскага гіпермаркета «Алмі». Як піша «Вечерний Гродно», падчас адкрыцця крамы адміністрацыя была вымушаная авесціць праз інфармацыйны цэнтр, што есці прадукты, не расплаціўшыся, нельга.
Так казалі надрыўна і беспаспяхова:
“Забараняецца есці прадукты ўсярэдзіне гандлёвай залы, вялікая просьба аплаціць спачатку на касе”.
У дэпартаменце маркетынгу гіпермаркета сказалі, што досвед адкрыцця ў Гародні быў непараўнальны. Нягледзячы на тое, што ў залах працуе сістэма відэаназірання, наведвальнікі з'елі вялізную колькасць прадуктаў, так і не дайшоўшы да касы. Акрамя гэтага маладыя людзі ўхітраліся выносіць дробныя, але дарагія рэчы кшталту станкоў для галення і т.п. Шкоду будуць падлічваць пасля інвентарызацыі, паведамляе blog.grodno.net.