Следству няма чаго паведаміць па справе аб выбуху ў Менску
- 25.09.2008, 10:40
Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў працягваюць расследаванне крымінальнай справы аб выбуху ў Менску, паведаміў агенцтву "Интерфакс-Запад" намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі - начальнік папярэдняга расследавання генерал-маёр міліцыі Сяргей Гурэеў.
"Следства працягвае актыўна працаваць па справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня", сказаў С.Гурэеў. Паводе яго словаў, "версіяў шмат, усе яны старанна адпрацоўваюцца. Следства працуе па многіх накірунках".
"У расследаванні гэтай крымінальнай справы беларускім праваахоўным ворганам дапамагаюць калегі з іншых краінаў. Ёсць дамоўленасць з калегамі з шэрагу дзяржаваў аб аказанні экспертнай дапамогі", адзначыў намеснік міністра.
Разам з тым, ён адмовіўся паведаміць іншыя падрабязнасці, спаслаўшыся на інтэрасы следства. "Зараз няма неабходнасці даводзіць да агульнага ведама тое, як ідзе следства. Калі падазраваны будзе затрыманы, мы адразу жа аб гэтым паведамім", падкрэсліў С.Гурэеў.
Як раней паведамлялася, у ноч на 4 ліпеня 2008 года ў Менску падчас святкавання Дня Незалежнасці выбухнула самаробнае выбуховае прыстасаванне, пацярпелі больш за 50 чалавек, з якіх 46 былі дастаўленыя ў шпіталі.