Падпалкоўнік міліцыі зафіксаваў ускрыццё скрыні і ўкід бюлетэняў
- 28.09.2008, 12:29
27 верасня падпалкоўнік міліцыі Казлоў зафіксаваў, што падчас абедзеннага перапынку на менскім участку № 463 Старавіленскай акругі №105 скрыня для датэрміновага галасавання была ўскрыта і адбылося ўкідванне бюлетэняў.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», падпалкоўнік адказваў за захаванне парадку на гэтым участку. Ён паставіў сваё кіраўніцтва ў вядомасць адносна дадзенага факту і паведаміў, што намераны гэта адлюстраваць у сваім рапарце.
Сёння, 28 верасня, спадар Казлоў быў выкліканы да кіраўніцтва РУУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе ад яго запатрабавалі адмовіцца ад сваіх намераў, пагражаючы негатыўнымі наступствамі.
Пасля таго, як супрацоўнік міліцыі адмовіўся ад “прапановаў” начальства, кіраўніцтва РУУС звязалася з участковай камісіяй. Разам яны вырашылі скласці адпаведныя дакументы аб парушэнні падпалкоўнікам парадку на выбарчым участку і стварэнні перашкодаў у працы камісіі.
Чым скончыцца гэты скандальны выпадак – пакуль невядома.