Дадзеныя аб яўцы ў Менску завышаныя ў некалькі разоў
- 28.09.2008, 19:20
У асноўны дзень выбараў участкі для галасавання ніяк нельга назваць шматлюднымі. Колькасць грамадзян, што прыйшлі сёння аддаць свае галасы, падлічваецца дзясяткамі. Але паводле інфармацыі ўчастковых камісій, іх чамусьці сотні.
Па словах назіральнікаў, калі за вызначаны час прысутнасці на выбарчых участках ім атрымліваецца налічыць дзесьці 20 - 30 выбарнікаў, то сябры камісіі за той жа прамежак часу паказваюць зусім іншыя лікі - на 300 - 500 чалавек больш. Такую карціну сёння можна назіраць, напрыклад, на ўчастках 107-ай Усходняй і 100-ай Ясенінскай выбарчых акруг.
Такім чынам, назіраецца цалкам зваротная тэндэнцыя. Калі падчас датэрміновага галасавання сябры ўчастковых камісій відавочна прыніжалі колькасць выбаршчыкаў, сёння гэтыя лікі вельмі завышаюцца, сцвярджае «Беларускі партызан».
Да таго ж, на адным з участкаў Ясенінскай акругі назіральнік падлічыў, што колькасць бюлетэняў для галасавання не адпавядае колькасці грамадзян, што не прагаласавалі, у спісе: не хапае каля 200 бюлетэняў. Ён паведаміў пра сваю выснову назіральніку ад АБСЕ. На што той адказаў, што назіраў такую сітуацыю яшчэ ўчора амаль на ўсіх участках гэтай выбарчай акругі.
Такім чынам, з'явіліся дадатковыя падставы, каб сцвярджаць, што падчас датэрміновага галасавання бюлетэні падкідваліся ў урны. А на сёння засталося толькі "падагнаць" спісы выбаршчыкаў пад патрэбную колькасць.