Спецыяльна для БТ беларускія «выбары» прызнае былы начальнік паліцыі Гамбурга
- 29.09.2008, 16:21
У Гомельскай вобласці за «парламенцкімі выбарамі» назіралі грамадзяне Германіі Франц Массер і Эдмунд Ленгфельдэр. Нямецкія назіральнікі ўпэўненыя, што ў Гомельскай вобласці было "абсалютна адкрытае дэмакратычнае праходжанне выбараў".
Ф.Массер, начальнік паліцыі ў адстаўцы (Гамбург), адзначыў, што ён працаваў назіральнікам у Беларусі на «выбарах» у «парламент» у 2004 годзе і на «прэзідэнцкіх выбарах» 2006 года. "Як мінулыя выбары, так і гэтыя, прайшлі выключна ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі, выключна транспарэнтна", — упэўнены назіральнік. Па ягоных словах, ён на працягу пяці дзён датэрміновага галасавання наведаў 20 выбарчых участкаў і 12 — у межах асноўнага галасавання, пабываў у Рагачове, Жлобіне, Рэчыцы, Гомелі.
"Вашы «выбары» прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам, выкананыя ўсе адпаведныя загады, і падчас свайго назірання я не заўважыў ніводнага нейкага недахопу. Вы ў Беларусі, дзякуючы вось такому падбору кандыдатаў, сапраўды ўвасобілі ў жыццё заканадаўчае права", — сказаў Ф.Массер.
Дырэктар радыёлагічнага інстытута ім. Отта Хуга Э.Ленгфельдэр адзначыў, што ён на працягу 18 гадоў наведвае Беларусь па 8—10 разоў на год, працуе тут у галінах медыцыны, рэгенератыўнай энергіі, экалогіі. "У адпаведнасці з гэтым я магу скласці сваю ўласную карціну таго, што адбываецца ў краіне, не абапіраючыся на інфармацыю самага рознага кшталту паліттэхнолагаў і датычных да гэтай сферы людзей", — заўважыў Э.Ленгфельдэр.
Э.Лангфельдэр заўважыў, што пры наведванні ўчасткаў ён ні разу не сутыкнуўся з кімсьці з назіральнікаў ад місіі АБСЕ. "Я наведаў шмат участкаў, зафіксаваў усё ў сваёй справаздачнасці на такіх жа бланках, як у прадстаўнікоў АБСЕ. Значыць, я змагу сустрэцца з прадстаўнікамі АБСЕ, каб пагаварыць з імі на гэтую тэму. Я думаю, што ў іх наўрад ці знойдзецца штосьці ў якасці крытыкі. Наадварот, я магу канстатаваць па сваім досведзе, што гэта былі ўзорныя выбары", — рэзюмаваў нямецкі назіральнік.
Нагадаем, што місія назіральнікаў АБСЕ назвала «парламенцкія выбары», якія прайшлі ў Беларусі, не адпавядаючымі дэмакратычным стандартам.