Экалягічны падатак павялічыўся на 19%
- 5.09.2008, 9:41
Аляксандар Лукашэнка ўказам №492 павялічыў стаўкі экалягічнага падатку па ўсіх ягоных плацяжох на 19% з улікам патрабаванняў індэксацыі.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Па дадзеных прэс-службы, у мэтах спрашчэння падаткавай сыстэмы зменшаная колькасць абкладаных экалягічным падаткам найменняў забруджвальных рэчываў з 600 да 53 і ажыццяўлёны пераразлік у бок павелічэння стаўкаў экалягічнага падатку за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.
Ад платы экалягічнага падатку вызваляюцца аб'ёмы захоўвання адыходаў, утрымоўвальныя поліхлараваныя біфенілы, у тым ліку выведзенае з эксплуятацыі абсталяванне ў адпаведнасці з патрабаваннямі Стакгольмскай Канвенцыі.
У мэтах стымулявання прыродакарыстальнікаў да ўкаранення нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніцаў энергіі ўказам прадугледжана ўжыванне зніжальнага каэфіцыенту пры вырахаванні падатку за выкід нарматыўна-чыстых водаў у водныя аб'екты цеплаэлектрастанцыямі, якія працуюць на нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніцах энергіі, астуджэнне кандэнсатараў турбінаў якіх ажыццяўляецца па прастатокавай схеме.
Павялічаныя стаўкі экалягічнага падатку за здабычу пітнай і мінеральнай вады для разлівання і далейшай рэялізацыі.
Для абароны айчынных вытворцаў павялічаныя таксама стаўкі падатку на імпарт тавараў, спакаваных у тару, у тым ліку шкляную, пры адсутнасці ў дамове або ў таварасуправаджальных дакументах звестак аб масе тары з 0,3% да 10% ад кошту тавараў, указанага у дамове.