У Вілейскім раёне вандалы разграмілі могілкі
- 8.09.2008, 9:07
У ноч на 7 верасня хуліганы апаганілі больш за 20 магілаў на старых могілках ў Вілейскім раёне.
7 верасня жыхары вёскі Хаценчыцы запомняць надоўга. Пагром на мясцовых могілках уразіў усе наваколлі. На першы погляд, быццам ураган прайшоў. Але характар пашкоджанняў сумневаў не пакідае - гэтая справа рук чалавека.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў ноч на 7 верасня. За дзень да гэтага тут пахавалі мясцовага жыхара. А учора раніцай сваякі магілу не пазналі.
«Крыж вісеў на бярозе, дзе кветкі. Кветкі жывыя прыносілі, вянкоў было шмат. Зараз іх няма. Лом нават уторкнуты ў магілу», -- паведаміла мясцовая жыхарка тэлеканалу АНТ.
Словы, паняцці і, галоўнае, матывы, з цяжкасцю падбірае нават святар. Бо месца дагэтуль было спакойнае. І нічога такога тут раней не адбывалася.
"Я восьмы год працую ў прыходзе. Такое бачу ўпершыню. Гэта блюзнерства - зрабіць такое над святым месцам. Для мяне на гэта страшна глядзець", -- кажа айцец Міхаіл, настаяцель прыходу ў пасёлку Партызанскі Вілейскага раёна.
Пацярпелі крыжы, помнікі, медальёны - усяго каля 20 магілаў. Па папярэдняй версіі, гэтая справа рук групы людзей. Адзіночцы прычыніць такія разбурэнні складана.
Цяпер на месцы здарэння працуюць праваахоўныя органы. Ідуць пошукі слядоў, вызначаецца, па якім прынцыпе выбіраліся магілы. Этнічныя або рэлігійныя матывы малаверагодныя. Хутчэй за ўсё, адбылося, хоць і зверскае, і дасканалае, але ўсё ж хуліганства.
Затрыманыя трое падазраваных. Гэта непаўнагадовыя мясцовыя жыхары, паведамілі ў аператыўна-дзяжурнай службе УУС Мігарвыканкама. Акалічнасці злачынства высвятляюцца.