Менскую «сцяну Цоя» перанясуць у іншае месца
- 8.09.2008, 15:04
Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела культуры адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Святлана Яцэвіч. Па яе словах, новае месца для “сцяны” пакуль не вызначанае.
“Справа ў тым, што яе плануецца перанесці. Пакуль падбіраецца новае месца. На сённяшні дзень яна проста дэмантаваная. У нас быў загад Менгарвыканкама. Гэтая “сцяна” уваходзіць у зону будаўніцтва новай гасцініцы, якая з'явіцца за Палацам Рэспублікі”, -- паведаміла службоўка ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, На днях у Менску была знесеная так званая «сцяна Цоя» -- сцяна, ля якой шматлікія гады збіраліся прыхільнікі вядомага музыкі Віктара Цоя, прыносілі кветкі, фатаграфіі, пісалі аб ім або цытавалі песні лідэра групы «Кіно».
Сёння месца, дзе стаяла сцяна, сталі закладваць тратуарнай пліткай. Прыхільнікі Віктара Цоя выклалі з гэтай пліткі словы «Цой жывы заўсёды ў нашых сэрцах».