Velcom падвышае кошты ўслед за МТС
- 14.01.2009, 11:26
Аб будучым падвышэнні тарыфаў з 15 лютага абвесціла мабільная кампанія Velcom.
Інфармацыя аб гэтым апублікаваная ў сённяшнім нумары газеты «Рэспубліка».
Падвышэнне коштаў на 18% закране ўсе тарыфныя планы velcom і ПРЫВІТАННЕ, а таксама адаб'ецца на кошце дадатковых і спецыяльных паслугаў. Тарыфы падвышаюцца без уліку падаткаў і акругляюцца да рубля па правілах акруглення. Кампанія Velcom паведамляе аб павелічэнні роўмінгавых тарыфаў на зыходныя выклікі і SMS у сетках замежных аператараў-партнёраў па роўмінгу з 1 лютага 2009 года.
На сайце velcom.by прыводзяцца прыклады разліку новых коштаў:
Тарыфны план "Лёгкі" (з 15.02.09)
Абаненцкая плата: 2100 х 1,18 = 2478 рублёў (без уліку падаткаў)
SMS: 110 х 1,18 = 129,8 = 130 рублёў (без уліку падаткаў)
Зыходны выклік на "любімы" нумар: 90 х 1,18 = 106,2 = 106 рублёў (без уліку падаткаў).
Тарыфны план "На сувязі" (з 15.02.09)
Абаненцкая плата: 1500 х 1,18 = 1770 рублёў (без уліку падаткаў)
SMS: 10 х 1,18 = 129,8 = 130 рублёў (без уліку падаткаў)
Зыходны выклік на "любімы" нумар: 67,5х 1,18 = 79,65 = 80 рублёў (без уліку падаткаў).
Аналагічна разлікі робяцца і для ўсіх астатніх тарыфных планаў. Колькасць уключаных у абаненцкую плату паслугаў (хвілінаў размовы, SMS, MMS, GPRS-трафіку і да т.п.) застануцца без зменаў.
Перадаплата пры падключэнні да velcom і кошт камплекта ПРЫВІТАННЕ захаваюцца на існуючым узроўні.
Нагадаем, ТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС) ужо раней абвесціў аб падвышэнні з 9 лютага 2009 года тарыфаў на ўнутрасеткавыя і пераадрасаваныя выклікі. Таксама падвышаюцца кошты на зыходныя SMS, паслугі інтэрнэту.