BE RU EN

Дэпутат Еўрапарламента: «Беларуская дыктатура павінна знікнуць»

  • 16.01.2009, 8:33

Дэпутаты Еўрапейскага парламента заяўляюць, што адносіны Еўразвяза з беларускай дыктатурай немагчымыя.

Вынікі слуханняў у Еўрапарламенце, на якіх абмяркоўвалася стратэгія Еўразвяза ў стаўленні да Беларусі, «Нямецкай хвалі» пракаментаваў дэпутат Еўрапарламента ад нямецкай партыі "зялёных" Мілан Хорачак.

У якой ступені новая стратэгія ЕЗ у стаўленні да Беларусі залежыць ад захавання Беларуссю правоў чалавека? Адказваючы на гэтае пытанне, Мілан Хорачак, звярнуў увагу на тое, што віцэ-прэм'ер Чэхіі Вондра ў 70-ыя гады ў Чэхаславакіі быў дысідэнтам, адным з самых маладых лідэраў "Хартыі 77". Пазней ён актыўна выступаў супраць парушэння правоў чалавека ў розных краінах, якія жывуць ва ўмовах дыктатуры. Ужо сам ўдзел у дыскусіі еўрапейскіх палітыкаў такога рангу паказвае, якое значэнне надае Еўрапарламент праваабарончай праблематыцы ў Беларусі, упэўнены Мілан Хорачак.

Ацэньваючы рэзалюцыю, прынятую ў Еўрапарламенце, Хорачак падкрэсліў, што з палітычных і стратэгічных мэтаў у ёй дадзеная станоўчая ацэнка некаторым крокам, зробленым кіраўніцтвам Беларусі. Так, у прыватнасці, ЕЗ ацаніў тое, што ў Беларусі вызваленыя палітвязні, дазволеная дзейнасць руху "За свабоду", у кіёсках можна набыць апазіцыйныя газеты "Народная воля" і "Наша нiва", ці падпісацца на іх.

У рэзалюцыі, распавядае Хорачак, аднак, надаецца ўвага і не вырашанаму ў Беларусі пытанню аб свабодзе слова. ЕЗ падкрэслівае, што кіраўніцтва Беларусі павінна з павагай ставіцца да ўсяго, што ўваходзіць у паняцце "правы чалавека". Напрыклад, недапушчальна, утрымліваць апазіцыянераў пад хатнім арыштам. Для Еўропы важнае не толькі захаванне грамадзянскіх правоў і свабодаў, якія найбольш часта згадваюцца, свабоды слова, свабоды сходаў, але і захаванне ўсё палітычных і сацыяльных правоў чалавека.

"Галоўнае - у Беларусі павінны зразумець: мы хочам, каб Беларусь знайшла сваё месца ў Еўропе. Дзеля гэтага мы гатовыя да дыялогу з афіцыйным Менскам. Але, як і раней, мы зыходзім з таго, што любая дыктатура рана ці позна павінна знікнуць, у тым ліку і беларуская", - перакананы Мілан Хорачак.

Ён таксама прызнаў, што Еўразвяз у стаўленні да Беларусі часткова кіруецца эканамічнымі і геапалітычнымі інтэрасамі. Абумоўлена гэта тым, што ЕЗ - гэты не апазіцыйны рух, Еўразвяз аб'ядноўвае 27 краінаў з ўсёй разнастайнасцю іх падыходаў да любой праблематыкі. Хтосьці, зазначае Хорачак, прадстаўляе больш радыкальныя плыні і погляды, хтосьці больш кансерватыўныя.

Апошнія навіны