Беларуская «палатка» можа прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію 2 красавіка
- 22.01.2009, 13:18
«Палата прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі мае намер разгледзець пытанне аб прызнанні незалежнасці тэрыторыяў Грузіі 2 красавіка гэтага года.
Аб гэтым паведаміў журналістам у Маскве намеснік старшыні «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі Валеры Іваноў.
«Гэтае пытанне абмяркоўваецца сярод дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў». Рашэнне будзе прынятае на сесіі 2 красавіка. Мы вядзем дыялог сярод дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў», і, калі будзе прынятае рашэнне, мы яго абвесцім», - сказаў беларускі «палатачнік» на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы кіраўнікоў дэлегацыяў парламентаў дзяржаваў-чальцоў АДКБ у Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.
Нагадаем, што незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пакуль прызналі толькі Расея і Нікарагуа. Неаднаразова паведамлялася, што расейскія ўлады зацікаўленыя ў тым, каб сепаратысцкія рэспублікі прызнала таксама і Беларусь. Аб гэтым заяўляў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Паводле паведамлення расейскіх СМІ, гэтая тэма неаднаразова ўзнімалася падчас сустрэчаў Дзмітрыя Мядзведзева з Аляксандрам Лукашэнкам. Еўрапейскі Звяз жа, наадварот, перасцерагае беларускія ўлады ад прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.