BE RU EN

Грузінскія палітыкі: Расея відавочна шантажыруе Беларусь

  • 23.01.2009, 9:30

У Грузіі ўпэўненыя, што рашэнне беларускіх «дэпутатаў» разгледзець пытанне прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з'яўляецца вынікам шантажу з боку Расеі.

Такое меркаванне ў гутарцы з тэлекампаніяй «Руставі 2» агучыў адзін з лідэраў кіруючай партыі Грузіі «Адзіны нацыянальны рух» Петрэ Ціскарышвілі.

«Гэтая краіна знаходзіцца пад відавочным ціскам і шантажом з боку Расеі. Калі Беларусь хоча інтэграцыі ў еўрапейскае грамадства, засваення новых для яе заходніх каштоўнасцяў, яна павінна ўстрымацца ад такіх рашэнняў», — сказаў ён.

Беларускія «палатачнікі» ужо вызначылі дату разгляду пытання аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Па словах «дэпутата» Валерыя Іванова, рашэнне будзе прынятае на сесіі 2 красавіка.

Нагадаем, што Расея, якая ў канцы жніўня прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ад Грузіі, актыўна дамагалася таго ж ад Беларусі. Аднак афіцыйны Менск пакуль не прыняў ніякага рашэння.

Аляксандр Лукашэнка перадаручыў пытанне парламенту. Той, у сваю чаргу, адклаў рашэнне да вясновай сесіі.

Раней у СМІ неаднаразова выказваліся здагадкі, што ад згоды беларускіх уладаў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію будзе залежаць кошт расейскага газу для Беларусі, а таксама магчымасць атрымання краінай чарговага расейскага крэдыту.

Апошнія навіны