Мікалай Кірычэнка: Галоўны рэжысэр Купалаўскага тэатра яшчэ не прызначаны
- 5.01.2009, 13:21
Інфармацыя аб прызначэньні вядомага рэжысэра Мікалая Пінігіна галоўным рэжысэрам Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пакуль не адпавядае рэчаіснасьці.
У адмысловым інтэрв’ю «Радыё Свабода» дырэктар тэатра Мікалай Кірычэнка паведаміў, што існуе варыянт магчымага прызначэньня Мікалая Пінігіна на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра, але гэта пакуль толькі варыянт.
Паводле дырэктара, 30 сьнежня тэатар наведаў міністар культуры Ўладзімер Мацьвяйчук і ў размове з кіраўніцтвам паведаміў, што пытаньне прызначэньня Пінігіна ўзгодненае, а таксама папрасіў цяперашняга мастацкага кіраўніка тэатра напісаць заяву аб пераводзе на пасаду рэжысэра-пастаноўшчыка.
Такую заяву Валер Раеўскі і напісаў – з 5 студзеня 2009 году. Пінігін, паводле сказанага тады міністрам, павінен ачоліць тэатар прыкладна 10 студзеня. Пытаньне аб зьмене кіраўніцтва стаяла востра ўжо некалькі гадоў. Разглядаліся некалькі кандыдатураў – чарговых рэжысэраў тэатра Гарцуева і Савіцкага, а таксама былога рэжысэра тэатра Мікалая Пінігіна, які цяпер працуе ў Расеі, у Вялікім драматычным тэатры імя Г.Таўстаногава. Тэлефон Мікалая Пінігіна не адказвае. Нават дырэкцыя тэатра гэтымі днямі ня мела зь ім размовы.
Па-ранейшаму няма пэўнасьці і з дырэктарам тэатра. Мікалай Кірычэнка паведаміў Свабодзе, што напісаў заяву аб сваім звальненьні на ўласнае жаданьне яшчэ ў кастрычніку, бо быў па-сутнасьці пастаўлены перад выбарам: ці быць дырэктарам, ці акторам. Ён выбірае акторскую пасаду. Новы дырэктар дагэтуль не прызначаны, і Мікалай Кірычэнка працягвае выконваць свае абавязкі.