BE RU EN

Улады запрасілі Раманчука і Вардамацкага ратаваць імідж дыктатуры за мяжой

  • 6.01.2009, 11:53

Прэм'ер-міністр прапанаваў Яраславу Раманчуку і Андрэю Вардамацкаму займацца «краінавым маркетынгам», а яны пагадзіліся.

31 снежня прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэнне аб стварэнні міжведамаснай працоўнай групы для выпрацоўкі плану дзеяння па развіцці краінавага маркетынгу. Кіраўніком групы прызначаны намеснік міністра замежных справаў Андрэй Еўдачэнка.

У распараджэнні Сідорскага кажацца аб неабходнасці «1 лютага забяспечыць распрацоўку праекту плану дзеяння па развіцці краінавага маркетынгу, які прадугледжвае прапановы аб накірунках узаемадзеяння з замежнымі інвестарамі, а таксама канкрэтныя меры па інфармаванні замежных інвестараў аб інвестыцыйных магчымасцях у Беларусі».

У працоўную групу ўвайшлі 14 чалавек, у тым ліку кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і дырэктар лабараторыі аксіяметрычных даследванняў «Новак», старшыня Рады Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Вардамацкі.

«Ніякіх паседжанняў яшчэ не было, — кажа Я.Раманчук у інтэрв'ю газеце «Наша Ніва». — Пра ўваходжанне ў гэтую групу са мной не размаўлялі чыноўнікі, была размова толькі з людзьмі са сферы маркетынгу. Я даў сваю згоду, але да апошняга не верыў, што ўрад можа гэта зацвердзіць. Відавочна, што ўнутры ўлады назіраецца вялізны крызіс ідэяў. Залежыць гэта і ад фінансавага крызісу. Магчыма, што такім крокам улады спадзяюцца спіхнуць частку віны на тое, што адбываецца ў краіне, і на прадстаўнікоў незалежнага грамадства. Разам з тым, гэта выдатная пляцоўка для данясення сваіх думак і ідэяў. Калі лорд Бэл кажа толькі пра касметычны рамонт, дык мы кажам пра капітальны. Што недастаткова проста прывабнай абгорткі, каб сюды прыйшлі інвестыцыі. Асабіста я буду настойваць на поўнай празрыстасці працы камісіі».

«Гэта прапанова да супрацоўніцтва з боку ўладаў і разуменне рэаліяў, -- сказаў Андрэй Вардамацкі ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя». – Улады разумеюць, што імідж краіны па-за яе межамі вельмі дрэнны і, каб яго палепшыць, трэба выкарыстаць у тым ліку і патэнцыял незалежных экспертаў».

Пры гэтым Вардамацкі адзначыў, што пакуль ёсць толькі прапанова паўдзельнічаць у абмеркаванні. «Пакуль невядома, ці будуць нас слухаць, ці гэта ўсё робіцца для галачкі».

Апошнія навіны