BE RU EN

Лукашэнка «зрабіў» бюджэт на 2009 год бездэфіцытным

  • 6.01.2009, 14:52

Аляксандр Лукашэнка сваім указам усталяваў крайні памер дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту на 2009 год у суме 0,0 тыс. беларускіх рублёў.

Такім чынам, сумы прыбыткаў і выдаткаў рэспубліканскага бюджэту вызначаюцца роўнымі.

Нагадаем, што ў праекце закона аб бюджэце на 2009 год, ухваленым «саветам рэспублікі» 22 кастрычніка 2008 года, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту быў вызначаны ў памеры 2,8 трлн. рублёў.

Рэспубліканскі бюджэт можа быць адкарэктаваны за кошт скарачэння выдаткаў на ўтрыманне чынавенства, войска і сілавых структур, заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 экс-кіраўнік Нацбанка прафесар Станіслаў Багданкевіч.

Па словах Станіслава Багданкевіча, пры бездэфіцытным бюджэце грашовая маса павінная стабілізавацца. Але, па законе, Аляксандр Лукашэнка не можа змяніць ужо прыняты «парламентам» рэспубліканскі бюджэт – ён можа толькі прапанаваць яго змяніць.

«Пры бездэфіцытным бюджэце грашовая маса павінная стабілізавацца. Але я не разумею, якім чынам ён гэта зрабіў, бо дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту на 2009 год ужо быў вызначаны ў памеры 2,8 трлн. рублёў. Паводле Канстытуцыі, бюджэт прымае парламент, і прэзідэнт не можа сваім указам яго змяніць. У нас «цудоўная» краіна: Канстытуцыя не дзейнічае!» – дзівіцца Станіслаў Багданкевіч.

Да таго ж, па словах прафесара, абсалютна не зразумела, за кошт якіх сродкаў гэты ўказ Аляксандра Лукашэнкі можа быць выкананы.

«Калі ён, напрыклад, будзе скарачаць выдаткі на войска, сілавыя структуры – то гэта проста выдатна. Бо Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб тым, што ў нас «наймацнейшае войска ў Еўропе», і калі нападаць мы ні на каго не збіраемся, то на яго суцэльна можна паменшыць выдаткі», - тлумачыць ён.

Станіслаў Багданкевіч таксама адзначыў, што бюджэт Аляксандр Лукашэнка можа адкарэктаваць, напрыклад, паменшыўшы сабе заробак.

«Калі ён збіраецца паменшыць свій заробак, прэм'ер-міністру, ураду, скараціць выдаткі на ўтрыманне Камітэта дзяржаўнай бяспекі – то я гэта толькі ўхвалю», - падкрэсліў экс-кіраўнік Нацбанка.

Апошнія навіны