BE RU EN

Жыхарам менскай Курасоўшчыны не даюць праводзіць антыалкагольную акцыю

  • 8.01.2009, 14:14

Менгарвыканкам адмовіў жыхарам сталічнага мікрараёна Курасоўшчына ў правядзенні антыалкагольнай акцыі.

Аб гэтым паведаміў БелаПАН удзельнік ініцыятыўнай групы па правядзенні мерапрыемства Леанід Скарабагаты.

Нагадаем, жыхары мікрараёна ў снежні мінулага года падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 10 студзеня антыалкагольнага мітынгу і шэсця да цэнтра горада. Падставай стала некалькі няшчасных выпадкаў, якія адбыліся ў Курасоўшчыне, а таксама павелічэнне квоты на вытворчасць спіртнога ў Беларусі ў 2009 годзе.

Па словах Л.Скарабагатага, адмова аргументаваная тым, што пляцоўка, дзе планавалася правядзенне акцыі, "не прыстасаваная для мітынгу з удзелам значнай колькасці людзей, а шэсце па заяўленым маршруце ўдзельнікаў мітынгу можа выклікаць праблемы ў руху транспарта і пешаходаў".

"Правесці мітынг у іншым месцы нам не прапанавалі. Такім чынам, акцыя не адбудзецца", — заўважыў ён.

"Нягледзячы на гэта, наша ініцыятыўная група дасягнула ў нейкай ступені сваёй мэты — прыцягнуць увагу грамадскасці да ўсё большага распаўсюджвання п'янства ў беларускім грамадстве. Наша ініцыятыўная група раней складалася з 30, а зараз ужо больш чым са 100 чалавек", — сказаў актывіст.

Па словах Л.Скараюагатага, цяпер ініцыятыўная група рыхтуе прапановы па пераадоленні алкагалізацыі беларускага грамадства і хуткім часам накіруе іх у дзяржаўныя органы. "Пасля таго як мы атрымаем ацэнку нашых ініцыятыў, дапрацуем антыалкагольную праграму і будзем далей праводзіць антыалкагольную кампанію ў мікрараёне і горадзе", — сказаў ён.

Апошнія навіны