Берасцейскія апазіцыянеры маюць намер правесці акцыі супраць збяднення людзей
- 9.01.2009, 9:19
Берасцейскія гарадскія арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) падалі заяўкі на правядзенне пікету супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёна.
Адпаведныя заявы ў гарвыканкам накіравалі лідэр берасцейскіх сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс і сакратар гарадской арганізацыі ПКБ Людміла Дзенісенка.
Як паведаміла БелаПАН Ганна Канюс, мэта мерапрыемства — інфармаванне грамадзянаў аб сітуацыі ў краіне ў сувязі з паглыбленнем крызісу, прыцягненне ўвагі грамадскасці і органаў улады да пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў Берасця, абумоўленага ростам коштаў на камунальныя паслугі, дэвальвацыяй беларускага рубля, зніжэннем пакупніцкай здольнасці.
Удзельнікі пікету маюць намер выступіць супраць збяднення людзей і аб'яднаць іх высілкі ў барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы.
Пікет плануецца правесці 24 студзеня на стадыёне «Лакаматыў».
«Мы думаем, што на стадыён прыйдзе дастаткова вялікая колькасць людзей. Усе бачаць, што кошты на шмат якія тавары ўжо выраслі, прычым не толькі на імпартныя, але і на айчынныя. Абясцэніліся банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях, незайздроснае становішча ў тых, хто ўзяў крэдыты ў валюце. Трэба, каб улады ведалі, што думаюць аб усім гэтым простыя людзі, за кошт якіх вырашаюцца праблемы фінансавага крызісу», - сказала Ганна Канюс.