Украінцы патрабавалі свабоды для беларускіх палітвязняў (Фота)
- 12.10.2009, 10:02
10 кастрычніка ў горадзе Калуш (Івана-Франкоўская вобласць) адбылася акцыя салідарнасці з арыштаваным удзельнікам «Працэсу 14-ці» Арцёмам Дубскім.
Моладзевыя актывісты «Нацыянальнага Альянсу» і «Маладога Руху» прайшліся па вуліцах і сталі на цэнтральнай плошчы горада з партрэтамі беларускага палітвязня Арцёма Дубскага. Пры гэтым у ўдзельнікаў акцыі былі залепленыя скотчам раты, што сімвалізавала адсутнасць свабоды ў Беларусі, перадае «Еўрарадыё».
Таксама моладзевыя актывісты раздавалі ўлёткі пра сітуацыю ў нашай краіне і збіралі подпісы да амбасадара Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі. Агулам было сабрана каля 200 подпісаў, якія ўжо адпраўленыя амбасадару.
Нагадаем, што першая акцыя ў падтрымку Дубскага была праведзеная «Нацыянальным Альянсам» у Луцку ў пачатку жніўня. У найбліжэйшыя дні акцыі ў падтрымку Арцёма Дубскага пройдуць па ўсёй Украіне.
7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.