На месцы забойства журналіста Гангадзэ знайшлі рэшткі ўжо дзесяці чалавек
- 13.10.2009, 14:02
Генеральная пракуратура Украіны пацвердзіла інфармацыю СМІ пра выяўленне на месцы забойства журналіста Георгія Гангадзэ рэшткаў чалавечых цел.
Аднак, як заявіў начальнік прэс-службы пракуратуры Юрый Байчэнка ў інтэрв’ю ўкраінскай службе «Бі-бі-сі», каля сяла Сухалесы Белацаркоўскага раёна Кіеўскай вобласці былі знойдзены не шэсць фрагментаў цел, а дзесяць: сем мужчынскіх, два жаночыя і адзін дзіцячы, паведамляе Lenta.ru.
Акрамя гэтага, у месцы пахавання галавы Гангадзэ, каля сяла Даўгалеўскае Ракітнянскага раёна Кіеўскай вобласці, былі знойдзены фрагменты яшчэ двух цел.
Усе знойдзеныя рэшткі перададзеныя на судова-медыцынскую экспертызу. Паводле папярэдніх дадзеных, знойдзеныя пад Сухалесамі дзесяць трупаў былі пахаваныя там 40-50 гадоў таму.
Кіраўнік інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Георгій Гангадзэ, які займаўся журналісцкімі расследаваннямі пра карупцыю ў органах улады, знік у верасні 2000 года. Праз два месяцы ў Кіеўскай вобласці быў знойдзены яго абезгалоўлены труп.
У 2005 годзе справа аб забойстве журналіста была абвешчана раскрытай. У 2008 годзе трое супрацоўнікаў МУС Украіны, прызнаныя выканаўцамі забойства, былі прысуджаныя да турэмных тэрмінаў ад 12 да 13 гадоў. У ліпені 2009 года праваахоўныя органы Украіны спаймалі былога генарл-лейтэнанта МУС краіны Аляксея Пукача, які кіраваў бандай забойцаў. Ён паказаў месца пахавання галавы Гангадзэ. Замоўцы злачынства дагэтуль не названыя.