Кіраўнікі МЗС Літвы і Італіі: Будучыя выбары ў Беларусі павінны быць свабодным
- 15.10.2009, 9:48
Міністры замежных справаў Літвы і Італіі напісалі артыкул пра Беларусь.
Еўропа і Беларусь маюць патрэбу адна ў адной з важкіх практычных прычынаў. Пра гэта заявілі міністры замежных справаў Літвы і Італіі Вігаўдас Ушацкас і Франка Фраціні ў артыкуле, апублікаваным 13 кастрычніка выданнем European Voice. Яго пераклад размешчаны на партале DELFI.lt.
Беларусь, як адзначаюць міністры, «мае патрэбу ў еўрапейскай інтэграцыі, каб забяспечыць развіццё эканомікі і гарантаваць сацыяльную стабільнасць. Еўропа мае патрэбу ў Беларусі з прычыны яе геапалітычнага становішча, якое робіць краіну важным энергетычным партнёрам - 20% паставак расейскага газу ў Еўропу праходзіць праз Беларусь - і важным партнёрам у барацьбе з нелегальным гандлем і міграцыяй». Пры гэтым еўрапейскія палітыкі зазначаюць, што з гэтых прычынаў больш цесныя сувязі паміж Еўропай і Беларуссю таксама адпавядаюць інтэрасам Расеі. «Незалежная і стабільная Беларусь не можа і не павінна ўспрымацца як настроеная супраць Расеі», - кажацца ў артыкуле.
Ушацкас і Фраціні адзначаюць, што апошнія 15 гадоў Беларусь выбірала шлях ізаляцыі ад еўрапейскага кантынента. «Гэтая самаізаляцыя з'яўляецца анамаліяй: Італія і Літва перакананыя, што Беларусь - неаддзельная частка Еўропы, з прычыны геаграфіі, гісторыі і рэлігіі. Больш за тое, гэты падзел не прыносіць карысці ні Беларусі, ні Еўропе», - упэўненыя яны.
Адзначаючы некаторыя змены ў адносінах паміж бакамі, якія адбыліся ў апошнія гады і былі абумоўленыя пэўнымі крокамі насустрач, кіраўнікі МЗС Літвы і Італіі ў той жа час канстатуюць: «Для таго каб гэтая палітыка «паступовага ўцягвання» прынесла пазітыўныя вынікі, Беларусь павінна прадэманстраваць сваю гатоўнасць да прыняцця дэмакратычных каштоўнасцяў, правоў чалавека і свабодаў, якія служаць базісам развіцця сучаснай Еўропы і мірнага суіснавання».
«Італія і Літва заўсёды выступалі за палітыку паступовага развіцця адкрытых адносінаў з Беларуссю, - кажацца ў артыкуле еўрапейскіх палітыкаў. - У дадзены момант мы актыўна спрыяем гэтаму працэсу пры дапамозе інструмантаў двухбаковага супрацоўніцтва». У якасці прыкладу прыводзіцца візіт Лукашэнкі 16 верасня ў Вільню для ўдзелу ў Міжнародным эканамічным форуме і сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, а таксама наведванне Менска 30 верасня Франка Фраціні.
«Італія і Літва таксама падтрымліваюць дапамогу, якую ЕЗ можа аказаць Беларусі для пераадолення драматычных сацыяльных праблемаў, якія з'яўляюцца там і выкліканыя часткова сусветным эканамічным крызісам», - заяўляюць кіраўнікі МЗС гэтых краінаў.
«Мы чакаем, што Беларусь пачне адчуваць перавагі кантактаў з Еўропай. Але мы настойваем на тым, што пераслед людзей за іх грамадзянскія і палітычныя перакананні ці публічную дзейнасць, абмежаванне свабоды СМІ і недзяржаўных арганізацыяў павінны застацца ў мінулым. Будучыя выбары павінны адпавядаць прызнаным міжнародным стандартам, усталяваным АБСЕ. Беларусь павінна паважаць тэрытарыяльную цэласнасць кожнай з краінаў, уключаючы Грузію», - кажацца ў артыкуле Вігаўдаса Ушацкаса і Франка Фраціні.