BE RU EN

Не суд, а фарс

  • 16.10.2009, 9:33

Судом Чыгуначнага раёна Гомеля пакараныя штрафамі ў 20 і 40 базавых велічыняў першы сакратар абкама ПКБ Уладзімір Сякерка і праваабаронца Анатоль Паплаўны.

16 верасня гомельскія актывісты апазіцыі мелі намер правесці акцыю салідарнасці з сем'ямі зніклых 10 гадоў таму Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, але яшчэ да пачатку акцыі былі затрыманыя міліцыяй. У аддзяленні міліцыі ў дачыненні да 16 затрыманых былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

«Гэта быў не суд, а фарс, — заявіў Сякерка ў інтэрв'ю БелаПАН па выніках судовага паседжання. — Суд не прыняў ніводнага майго хадайніцтва: ні аб выкліку сведак, ні аб далучэнні да матэрыялаў справы відэазапісу міліцыі, дзе канкрэтна бачна, што мы нічога супрацьзаконнага не здзяйснялі, наадварот, нас груба схапілі на вуліцы супрацоўнікі міліцыі і запіхалі ў аўтобус».

Па хадайніцтве Паплаўнага ў суд быў запрошаны перакладчык, слуханне праходзіла на беларускай мове.

Як паведамлялася раней, 13 кастрычніка суд пакараў штрафамі сямёх дэмакратычных актывістаў, агульная сума штрафу склала 7 млн. 525 тыс. рублёў.

На паседжаннях прадстаўнікі міліцыі сцвярджалі, што ўсе затрыманыя рухаліся па вуліцы арганізаванай калонай і трымалі ў руках партрэты зніклых Ганчара і Красоўскага. Актывісты даказвалі, што ніякіх плакатаў ці якой-небудзь атрыбутыкі яны не неслі, паколькі акцыя павінна была распачацца толькі на плошчы Паўстання.

Астатнім удзельнікамі акцыі салідарнасці, якая не адбылася, позвы ў суд пакуль не прыходзілі.

У дакуменце УУС Гомельскага аблвыканкама кажацца, што затрыманне апазіцыянераў было зроблена пасля ананімнага тэлефанавання, якое паступіла па тэлефоне 102. Невядомы нібыта паведаміў, што на плошчы Паўстання ў Гомелі запланаванае правядзенне «антыграмадскай акцыі».

Апошнія навіны