Белстат: Вымушаная няпоўная занятасць вырасла ў 4,5 разы
- 16.10.2009, 15:56
У Беларусі колькасць працуючых у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці ў студзені-жніўні 2009 года павялічылася да 308,3 тысяч чалавек.
Такім чынам, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вымушаная няпоўная занятасць павялічылася ў 4,5 разы (8,7% сярэднемесячнай колькасці), паведамляе АФН са спасылкай на Белстат.
Усяго ў студзені-жніўні сёлета 170,6 тыс. чалавек працавалі няпоўны працоўны час па ініцыятыве наймальнікаў (супраць 35,9 тыс. у студзені-жніўні 2008 года), 137,7 тыс. былі адпраўленыя ў адпачынкі (супраць 32 тыс.).
У жніўні ў параўнанні з ліпенем колькасць пераведзеных на працу з няпоўным працоўным тыднем паменшылася на 3,1% і склала 69,6 тыс. Колькасць працаўнікоў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, знізілася на 1,4% і склала 33 тыс. чалавек. Пры гэтым 15,1 тыс. чалавек былі адпраўленыя ў адпачынкі без захавання зарабатнай платы.
Агульная колькасць неадпрацаванага часу ў студзені-жніўні 2009 г. склала 3,8 млн. чалавека-дзён, што раўназначна штодзённаму нявыхаду на працу 22,4 тыс. чалавек (у студзені-жніўні 2008 г. – 0,6 млн. чалавека-дзён). З агульнага ліку неадпрацаваных з гэтай прычыны чалавека-дзён на прамысловыя прадпрыемствы прыходзілася 87,7%, на будаўнічыя арганізацыі – 4,9%. Умоўна разлічаная колькасць штодня непрацуючых складала ў прамысловасці 19,7 тыс. чалавек, у будаўніцтве – 1,1 тыс. чалавек.
Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных на канец верасня 2009 г. склала 42,2 тыс. чалавек, што на 6,1% больш, чым у верасні 2008 г. і на 5,3% менш, чым у жніўні 2009 г. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва супраць 1,0% у папярэднім месяцы.
У студзені-верасні 2009 г. на ўлік было пастаўлена 261,6 тыс. грамадзян, якія звярнуліся па дапамогу ў працаўладкаванні, з іх прызнана беспрацоўнымі 161,8 тыс. чалавек. Працаўладкавана за студзень-верасень гэтага года 149,2 тыс. чалавек, у тым ліку 96,3 тыс. беспрацоўных.
На грамадскія працы ў студзені-верасні 2009 г. было прыцягнута 74,7 тыс. чалавек, з іх 39,6 тыс. беспрацоўных.
Сярэдні памер грашовай дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў верасні 2009 г. склаў 44,4 тыс. рублёў.