Нацбанк збіраецца зрабіць з палаца XVIII стагоддзя СПА-цэнтр
- 21.10.2009, 11:29
Палацава-паркавы комплекс XVIII стагоддзя ў вёсцы Свяцк каля Аўгустоўскага канала мае патрэбу ў тэрміновай рэстаўрацыі.
Пра гэта, як паведамляе «Еўрарадыё» у лісце да міністра культуры Паўла Латушкі напісалі пяцёра гарадзенскіх гісторыкаў: Андрэй Вашкевіч, Юры Гардзееў, Ігар Лапеха, Алесь Смалянчук і Андрэй Чарнякевіч.
Андрэй Чарнякевіч кажа, што ў адказе за подпісам намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі ён не прачытаў нічога новага.
«Усяго літаральна тры сказы пра Свяцк. Што ёсць такое Свяцк, гэты здабытак беларускай культуры і апошняе — што міністэрства звярнулася да аблвыканкама з прапановай перадаць яго на ўтрыманне «Азёрнаму», -- заяўляе Андрэй Чарнякевіч.
Размовы пра перадачу палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Свяцк Нацбанку вядуцца амаль год. На гэта ёсць згода Міністэрствы культуры, але цалкам пакет дакументаў дагэтуль не сабраны.
«Заўтра выязджаюць яшчэ ў Саўмін. Гэта нават распараджэнне прэзідэнта павінна быць. Вось калі мы аформім перадачу, тады і будзем весткі гаворку», — распавёў Аляксандр Саўцоў, начальнік адукацыі Гарадзенскага райвыканкама, на балансе якога зараз знаходзіцца Свяцк.
Паводле папярэдніх разлікаў, рэстаўрацыя палаца будзе каштаваць 50 мільярдаў рублёў.
«Грошы будуць, калі мы за гэты праект узяліся, грошы будуць», — перакананы галоўны урач ТАА «Санаторый «Азёрны» Аляксандр Купрашэвіч.
Тым часам кіраўніцтва санаторыя ўжо будуе планы адносна таго, што зрабіць у палацы пасля яго аднаўлення. На думку Аляксандра Купрашэвіча, гэта павінен быць шматкомплексны аб'ект.
«Мы так думаем, што будзе кавалачак гатэля. Паўсюль павінны быць адноўленыя элементы даўніны, нейкая музейная экспазіцыя павінна прысутнічаць. Ці гэта будуць шафы, ці вітрыны, ца залаў некалькі. Нам хацелася б, каб там тыя ж стайні былі, парк прыгожы, сажалкі, кузня», -- распавёў Купрашэвіч.
Мяркуецца, што ў палацы будуць праходзіць сустрэчы, канферэнцыі, семінары.
«Потым, там жа пры Польшчы быў санаторый для заможных людзей, скажам так, з залежнасцю. Мы хацелі б і гэта адлюстраваць», -- адзначыў Аляксандр Купрашэвіч.
На думку галоўурача, гэтая гістарычная асаблівасць лепш за ўсё запомніцца наведнікам, калі ў палацы будзе свой аб'ект з медыцынскім профілем, напрыклад — СПА-цэнтр.