Новыя правы кіроўцаў абыйдуцца беларусам даражэй
- 23.10.2009, 14:40
У Беларусі ад 1 ліпеня 2010 года пачнуць выдаваць правы кіроўцаў новага ўзору.
Новыя правы кіроўцаў абыйдуцца прыкладна ў 30-35 тысяч рублёў. Сёння гэта працэдура ацэньваецца ў 21.000 рублёў.
Як паведаміў «Минск-Новости» старэйшы інспектар упраўлення ДАІ МУС Андрыян Мачульскі, у Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь распрацоўваюць новы варыянт афармлення пасведчання кіроўцы.
Дакумент будзе ўяўляць сабой пластыкавую картку накшталт банкаўскай, мець сучасныя элементы абароны, утрымліваць подпіс уладальніка. На іншым баку пазначаць катэгорыі, тэрмін дзеяння кожнай з іх. Дадаткова ўводзяцца катэгорыі А1 (матацыкл з аб’ёмам рухавіка менш за 125 кубічных сантыметраў), ВЕ (легкавы аўтамабіль з прычэпам), СЕ (грузавы аўтамабіль з прычэпам), DE (аўтобус з прычэпам). Выдаваць такія пасведчанні ў падраздзяленнях ДАІ пачнуць ад 1 ліпеня будучага года.
Раней выдадзеныя правы кіроўцаў будуць дзейнічаць на тэрыторыі краіны да сканчэння тэрміну іх дзеяння, пазначанага на дакуменце, адзначыў спецыяліст.