Мінздраў Украіны заявіў пра эпідэмію свінога грыпу ў краіне
- 30.10.2009, 11:25
Найбліжэйшым часам будзе абвешчаны каранцін на ўсёй тэрыторыі Украіны.
«На жаль, мы мусім канстатаваць, што ва Украіне фактычна пачалася эпідэмія каліфарнійскага грыпу», - заявіў міністр аховы здароўя Украіны Васіль Князевіч на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Кіеве, паведамляе «Інтэрфакс».
Міністэрства аховы здароўя плануе абвесціць каранцін на ўсёй тэрыторыі Украіны, паведаміў міністр.
«Мы разглядаем магчымасць абвяшчэння каранціну не толькі ў заходніх абласцях, але і па ўсёй краіне, бо вірус распаўсюджваецца надзвычай хутка», - сказаў В.Князевіч.
Як паведамлялася са спасылкай на дадзненыя аператыўнага штаба Міністэрства аховы здароўя Украіны, трыццаць чалавек, у тым лік адно дзіця, памерлі ў краіне ў выніку вострых рэспіраторных захворванняў у перыяд з 19 кастрычніка.
Паводле дадзеных Мінздрава, у Львоўскай вобласці – 12 ахвяр, у тым ліку адно дзіця, у Цярнопальскай – 12, у Івна-Франкаўскай памерлі 6 чалавек.
Акрамя таго, паводле дадзеных СМІ, ахвяры ёсць таксама ў Чарнавіцкай, Ровенскай і Закарпацкай абласцях – усяго памерлі 34 чалавекі.
Медыкі дапускаюць, што прычына смерці – імглівае развіццё атыпічнай пнеўманіі. У той жа час не выключаецца магчымасць вірусу свінога грыпу.
Раней ва Украіне былі афіцыйна пацверджаны два выпадкі свінога грыпу. 5 чэрвеня 2009 года лабаротрыя ў Лондане пацвердзіла захворванне на грып А/H1N1 у ўкраінца, які прыбыў з Парыжа. Да гэтага ён жыў у Дэтройце (ЗША), працаваў гандляром у краме гародніны. Пасля лячэння пацыент накіраваўся дадому, у Чарнаўцы. Акрамя гэтага, у канцы верасня ў мужчыны, які прыбыў з Кіраваградскай вобласці ў Кіеў і быў шпіталізаваны з дыягназам «пнеўманія», пацверджана належнасць вылучанага штаму віруса грыпу да тыпа А/Н1N1.