У Менску ад грыпу памерла расейская рэжысёр Марыя Салаўцова
- 11.11.2009, 10:38
Жанчына паступіла ў менскі шпіталь з сімптомамі вострага рэспіраторнага віруснага захворвання.
5 лістапада Марыі Салаўцовай стала дрэнна ў гатэлі, у яе ўзнялася высокая тэмпература. Як адзначае Lenta.ru, урач прапісаў ёй гарачкапаніжальнае, і ў выходныя 44-гадовай жанчыне стала крыху лепш. Аднак у панядзелак яе стан зноў пагоршыўся.
Калегі Салаўцовай, якія прыехалі разам з ёй на здымкі ў Беларусь, настаялі на шпіталізацыі. Раніцай у аўторак рэжысёра адвезлі ў шпіталь, а ўдзень перавялі ў рэанімацыю, дзе яна і памерла.
Медыцынскія крыніцы ў Менску паведамілі, што Салаўцова паступіла ў шпіталь з сімптомамі вострага рэспіраторнага віруснага захворвання. Расейскія СМІ адзначаюць, што рэжысёр паступіла з сімптомамі грыпу. Прычына смерці будзе ўсталяваная падчас ускрыцця, якое прызначанае на сераду.
Салаўцова здымала дакументальныя і мастацкія кінафільмы, а таксама тэлесерыялы. Сярод найбольш вядомых працаў рэжысёра «Я салдат», «Яблычак», «Не спрабуйце зразумець жанчыну», «Марскія д'яблы-2». Акрамя таго, у шэрагу карцінаў яна выступіла як акторка і сцэнарыст. З сярэдзіны 1990-х гадоў Салаўцова працавала рэжысёрам дубляжу на студыі «Нява-1» і ўдзельнічала ў агучванні такіх фільмаў, як «Пляж», «Байцоўскі клуб», «Зорныя войны» і шмат якія іншыя.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, кожны дзень паступае інфармацыя пра памерлых у Беларусі ад грыпу ці пнеўманіі. Паводле афіцыйных дадзеных Мінздароўя, ад свінога грыпу ў Беларусі памерлі 7 чалавек. Аднак лічба тых, хто захварэў, можа быць значна большай, бо вядома, што аналізы на наяўнасць віруса А/Н1N1 здаюць далёка не ўсе хворыя на пнеўманію. Лабараторыі былі негатовыя да такой колькасці зваротаў. Улічваючы звычайнае адрозненне такіх замераў ад рэальнай колькасці інфікаваных, можна меркаваць, што ў сапраўднасці апошніх на парадак больш.
Нягледзячы на эпідэмію грыпу і смерці людзей, якія пачасціліся, у медыцынскіх установах Менска назіраюцца перабоі з забяспечанасцю вакцынамі нават ад сезоннага грыпу. Вакцыны ж ад свінога грыпу ў Беларусі дагэтуль няма. У Мінздароўя абяцаюць, што вакцына ад свінога грыпу будзе закупленая ў Расеі, аднак калі яна паступіць у краіну, невядома. У аптэках па-ранейшаму няма не толькі прэпарата «Таміфлю», які рэкамендуюцца прымаць хворым на свіны грып, але і адсутнічаюць элементарныя супрацьвірусныя лекі.