BE RU EN

Карантын у школах адменены, нягледзячы на пратэсты медыкаў

  • 11.11.2009, 15:56

Камітэт па адукацыі Менгарвыканкама прыняў рашэнне не падаўжаць канікулы да 16 лістапада.

«Канікулы ў школах Менска працягнуты не будуць. Школьнікі пойдуць у школы 12 лістапада», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» у сераду намеснік старшыні камітэта Таццяна Злобіна.

Чыноўніца адзначыла, што камітэт па адукацыі «будзе адсочваць, якая колькасць навучэнцаў прыйшла ў школы». Пры гэтым яна падкрэсліла, што ў сувязі з незапланаванымі вакацыямі навучальную нагрузку на школьнікаў павялічваць не будуць. «Рэкамендацый пра павелічэнне школьнай нагрузкі камітэт не рабіў», - сказала Злобіна. «У школах ёсць дастатковая колькасць стымулючых і падтрмліваючых заняткаў, якія могуць праводзіць настаўнікі», - дадала намеснік старшыні камітэта па адукацыі Менгарвыканкама.

Яшчэ сёння зраніцы сталічныя медыкі рэкамендавалі гарвыканкаму падоўжыць вакацыі. У гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падрыхтавалі абгрунтаванне пра неабходнасць падоўжыць школьныя вакацыі ў чарговы раз. Паводле разлікаў спецыялістаў, падаўжэнне вакацый па 11 лістапада дазволіла папярэдзіць больш за 15 тыс. дадатковых выпадкаў захворвання на ВРВІ і грып сярод школьнікаў. Калі сярод дарослых узровень захворванняў за апошнія два тыдні вырас у 2,5 разы, то сярод дзяцей – застаўся на ранейшым узроўні.

Паводле дадзеных БелаПАН, многія класныя кіраўнікі менскіх школ сёння ўжо абтэлефанавалі вучняў, бацькоў з паведамленнем таго, што заняткі пачнуцца 16 лістапада.

Першы раз у гэтым сезоне было прынята рашэнне працягнуць восеньскія вакацыі ў менскіх школах з 2 па 6 лістапада, пасля было прынята рашэнне яшчэ падоўжыць вакацыі да 12 лістапада.

Апошнія навіны