BE RU EN

Ваенкаматы пагражаюць «адказнасцю» за адмову ад масавай дактыласкапіі (Фота)

  • 12.11.2009, 16:59

Жыхары беларускай сталіцы, якія адмовіліся ад праходжання дактыласкапіі, атрымаюць паўторныя позвы ў ваенкамат.

Як піша блогер lukashyk, ваенкаматы ўсімі спосабамі спрабуюць атрымаць адбіткі пальцаў у мужчынскай часткі насельніцтва Беларусі.

Жыхарам Менска, якія не захацелі праходзіць дактыласкапію, прыходзяць паўторныя позвы. У іх гаворыцца, што атрымальнік позвы мусіць у абавязковым парадку з’явіцца ў ваенкамат для праходжання «дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». У выпадку няяўкі ваенкамат пагражае прымусовым прыводам і прыцягненнем да адказнасці, прадугледжанай заканадаўчымі актамі Беларусі.

Відаць, супрацоўнікі ваенкаматаў ужо ўзялі на ўзбраенне папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», якія яшчэ не паспела разглядзець «палата прадстаўнікоў».

На прыканцы верасня ў «палату прадстаўнікоў» паступілі папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». Законапраект пашырае пералік грамадзян, якія трапляюць пад абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю.

Новыя папраўкі дазволяць праводзіць дактыласкапаванне ўсіх ваеннаабавязаных. Аднак зараз, згодна з дзеючым заканадаўствам, дактыласкапія ў Беларусі з’яўляецца добраахвотнай, за выключэннем шэрага выпадкаў.

Нагадаем, што МУС праводзіць масавую дактыласкапію грамадзян пасля выбуху самаробнай прылады на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў у ноч на 4 ліпеня падчас святочнага канцэнтра з нагоды Дня незалежнасці. Тады па медыцынскую дапамогу звярнулася 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваныя.

Апошнія навіны