BE RU EN

Ідэолагі па працы з моладдзю з'явяцца нават у прыватных кампаніях

  • 19.11.2009, 10:49

Пасаду спецыяліста па працы з моладдзю прапаноўваецца ўвесці на дзяржпрадпрыемствах і ў прыватных кампаніях Беларусі.

Гэтую пасаду збіраюцца ўвесці паводле Закона «Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі», які ў Менску быў ухвалены «саветам рэспублікі», перадае «Інтэрфакс».

«Спецыяліст па працы з моладдзю павінен быць на кожным дзяржпрадпрыемстве, гэта вельмі важна», - сказала дакладчык па законапраекце старшыня камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці «савета рэспублікі» Антаніна Морава.

Яна не ўдакладніла, што менавіта будзе ўваходзіць у абавязкі спецыяліста па працы з моладдзю, аднак адзначыла, што «перш за ўсё, яго праца будзе датычыць культмасавага сектара».

Таксама законапраектам вызначаецца ўзроставы крытэр для асобаў, якія заканадаўча адносяцца да паняцця «моладзь» - 14- 31 год.

У законапраекце таксама замацаваныя пытанні развіцця моладзевага добраахвотніцкага руху, стварэнне студэнцкіх атрадаў.

«Гэты законапраект - першы ў краінах СНД. З яго дапамогай мы зможам падтрымліваць моладзь у рашэнні жыллёвых праблемаў, атрыманні адукацыі. Штогод 15 сакавіка плануецца рыхтаваць даклад аб моладзевай палітыцы для падавання яго ў «савет міністраў», - сказала Морава.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб размеркаванні дзяржаўных сродкаў на падтрымку моладзевых рухаў, яна адзначыла, што сродкі будуць размяркоўвацца на конкурснай аснове.

«У нас у рэестры 37 моладзевых арганізацыяў, 15 з іх карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай», - сказала Морава.

«БРСМ - самая масавая грамадская арганізацыя, ёсць таксама «Ліга свабоднай працы», якая таксама мае права разлічваць на істотную дзяржаўную падтрымку», адзначыла яна. «Ліга свабоднай працы працуе ў сферы занятасці моладзі, і дзейнасць гэтай арганізацыі таксама вельмі важная для дзяржавы», - сказала Морава.

Нагадаем, што БРСМ з'яўляецца праўладнай, фінансаванай з бюджэту, арганізацыяй.

Апошнія навіны