Яшчэ адной незалежнай газеце адмоўлена ў рэгістрацыі
- 20.11.2009, 11:40
Незалежнай газеце «Магілёўскі час» у другі раз адмоўлена ў рэгістрацыі.
У адказе гаворыцца пра тое, што газеце вярнулі пакет дакументаў, бо ў парушэнні падпунктаў 2.1 і 2.4 артыкула 12 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», «… да заявы не прыкладзена копія ўстаноўчай дамовы заснавальніка і юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі газеты», паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
Заснавальнікі газеты не задаволены такім тлумачэннем. У адпаведнасці з пунктам 26 артыкуал 1, у выпадку, калі заснавальнік, адначасова з’яўляецца і рэдакцыяй, замест «устаноўчай дамовы» мусіць быць пададзена рашэнне пра рэдакцыю сродка масавай інфармацыі, якое і было пададзена разам з заявай пра рэгістрацыю і ўсімі неабходнымі дакументамі.
Паводле словаў заснавальніка выдання Ганны Ільіной, рэдакцыя працягне спробы зарэгістраваць газету.
Нагадаем, што ў кастрычніку, Мінінфармацыі ўжо адмовіла ў рэгістрацыі «Магілёўскаму часу». Тады падставай стала адсутнасць вышэйшай адукацыі ў рэдактара газеты.
Паводле адзнак экспертаў, у Беларусі працягваюць груба парушацца прынцыпы свабоды слова і распаўсюда інфармацыі. Так 18 лістапада Міністэрства інфармацыі Беларусі масава вынесла папярэджанні адразу чатыром незалежным газетам: «Народнай волі», «Нашай Ніве», «Комсомольской правде в Беларуси» і «Ва-банку». Папярэджанні вынесеныя ў сувязі з парушэннямі ў публікацыях гэтых СМІ патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». За апошнія тры месяцы было адмоўлена ў рэгістрацыі шасці незалежным выданням. У сістэму дзяржаўнага распаўсюда не дапушчана большасць незалежных грамадска-палітычных выданняў. Падчас разгону мірных акцый пратэсту ў верасні і кастрычніку супрацоўнікі спецслужбаў груба заміналі працы журналістаў, збівалі іх і пашкоджвалі апаратуру.