Беларусь у лідэрах па росце коштаў сярод краінаў былога СССР
- 26.11.2009, 10:02
У кастрычніку Беларусь зноў апярэдзіла Расею па росце спажывецкіх коштаў і наблізілася да Украіны.
Аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі сведчыць, што па выніках студзеня—кастрычніка 2009 года Беларусь заняла другое месца сярод краінаў былога СССР па росце спажывецкіх коштаў, паведамляе БелаПАН.
На працягу першага квартала Беларусь лідыравала па гэтым паказчыку, па выніках красавіка саступіла першынство Украіне, у чэрвені прапусціла наперад Расею, а ў кастрычніку ізноў апярэдзіла яе.
Ва Украіне кошты выраслі з пачатку года на 10,1%, у Беларусі — на 8,3%, у Расеі — на 8,1%.
Далей ідуць Казахстан (5,1%), Таджыкістан (4,7%), Арменія (3,2%), Грузія (3%) і Літва (1,6%) . Не змяніліся кошты ў Латвіі, знізіліся — у Азербайджане, Малдове (на 1,4%) , Кыргызтане (на 1,6%) і Эстоніі (на 1,7%) .
Ва Узбекістане за дзевяць месяцаў кошты павялічыліся на 4,2%. Няма дадзеных па Туркменістане.
У кастрычніку ў Беларусі адзначаная інфляцыя на ўзроўні 0,4% (у верасні — 0,3). Па гэтым паказчыку краіна падзяліла пятае месца з Азербайджанам і Казахстанам. Больш заўважна спажывецкія кошты выраслі ў Грузіі (на 2,2) , Малдове (на 1,5) , Украіне (на 0,9) і Арменіі (на 0,5). У Таджыкістане кошты павялічыліся на 0,2%, у Кыргызтане — на 0,1%, у Расеі — не змяніліся, у Эстоніі — знізіліся на 0,1%, у Латвіі — на 0,2%, у Літве — на 0,4%.