BE RU EN

Расейскія журналісты адмовіліся называць нашую краіну Беларуссю

  • 30.11.2009, 10:03

Сакратар Саюза журналістаў Расеі Міхаіл Фядотаў не збіраецца прытрымлівацца рэкамендацыяў расейскага Мінюста.

Пра гэта ў пятніцу, 27 лістапада, «Інтэрфаксу» распавёў сам Фядотаў.

«Рэкамендаваць можа хто заўгодна, каму заўгодна і што заўгодна, але вымаўляць назвы дзяржаў трэба так, як вынікае з расейскай мовы. І калі філолагі скажуць, што трэба казаць Беларусь — добра, значыць, Беларусь», — заявіў кіраўнік СЖР.

У сваю чаргу, галоўны рэдактар газеты «Маскоўскі камсамолец» Павал Гусеў не стаў адкідаць рэкамендацыю Мінюста, адзначыўшы, што яго выданне будзе выкарыстоўваць абедзве назвы краіны.

Рашэнне пра тое, каб называць нашую краіну не «Белоруссией», а Рэспублікай Беларусь, было прынятае міністрам юстыцыі Расеі Аляксандрам Канавалавым у чацвер на паседжанні аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі краінаў «саюзнай дзяржавы» у Менску. Ён узяў абавязальніцтва апавясціць аб рэкамендацыі ўсе органы юстыцыі, урад і адміністрацыю прэзідэнта РФ, аднак за СМІ ручацца не стаў.

Сам расейскі прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў адзначыў, што правільнай назвай лічыць менавіта Беларусь.

Апошнія навіны