BE RU EN

Дзяцей з «лёгкай» пнеўманіяй у шпіталі не кладуць

  • 4.11.2009, 10:00

Шпіталі перапоўненыя, выпадкі прыёму хворых з запаленнем лёгкіх у апошнія дні пачасціліся, але кладуць у шпіталі не ўсіх.

«Учора да нас паступіла каля 60 дзяцей з ВРВІ, з якіх 10 хварэюць на пнеўманію. Усяго ў нас у шпіталі з пнеўманіяй ляжыць 52 пацыента, - распавяла «Комсомольской правде в Беларуси» намесніца галоўурача дзіцячага інфекцыйнага шпіталя Менска Тамара Лісіцкая. - У рэанімацыі - шэсць чалавек. Хтосьці хварэе на менінгіт, а хтосьці на ВРВІ».

У дарослы ж інфекцыйны шпіталь Менска паступаюць хворыя і з пнеўманіяй, і з ВРВІ.

«За суткі з ВРВІ і пнеўманіяй паступіла 22 чалавекі», - кажуць у даведцы.

«У апошнія дні са змяшанай пнеўманіяй людзей паступае больш, але ложкаў у палаце хапае, - запэўніваюць медыкі 2-га клінічнага шпіталя. - Ёсць у нас і цяжкахворыя».

На пытанне, колькі паступае ў вас хворых, у адным з аддзяленняў пульманалогіі 6-га шпіталя кінулі слухалку.

У цэнтральным гарадскім шпіталі Берасця з пнеўманіяй ляжаць 60 чалавек.

«У параўнанні з мінулым годам гэта вельмі шмат, - кажуць у шпіталі. - Пакуль такога наплыву пацыентаў няма, але бум чакаецца».

У берасцейскім дзіцячым абласным шпіталі з цяжкай пнеўманіяй ляжыць 12-гадовая дзяўчынка.

«Аддзяленне пульманалогіі ў нас запоўненае, - паведамілі ў гарадскім клінічным шпіталі Гародні. - На запаленне лёгкіх у нас хварэюць 25 чалавек».

Захворванне на пнеўманію вырасла і ў Гомелі. Як распавялі супрацоўнікі Абласнога клінічнага сухотнага шпіталя, выпадкі прыёму хворых з запаленнем лёгкіх у апошнія дні пачасціліся. У панядзелак прывезлі адразу трох такіх хворых. Агульную колькасць пацыентаў з пнеўманіяй паведаміць у шпіталі адмовіліся. Афіцыйна пацвердзіць інфармацыю пра выбух захворвання на запаленне лёгкіх пакуль не атрымалася.

Як стала вядома, шматлікіх беларусаў з дыягназам «пнеўманія» наогул не кладуць у шпіталі.

«Мне і жонцы паставілі дыягназ «пнеўманія», але ў шпіталь не паклалі і адправілі лячыцца дадому. Сказалі, што месцаў няма: перапоўненыя не толькі палаты, але і калідоры, - распавёў менчук. - А лекі ў аптэцы я не магу знайсці другі дзень. Ну і як тады лячыцца?»

У камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкама пракаментавалі гэтую сітуацыю: «Лёгкая пнеўманія лечыцца дома пад назіраннем урача. З месцамі ў шпіталі сапраўды ёсць некаторая напружанасць, але ёсць рэзерв ложкаў. Мы шпіталізуем усіх, каму паказаная шпіталізацыя».

Апошнія навіны