BE RU EN

Мінздароўя: Эпідэмічны ўздым у Менску завершаны

  • 1.12.2009, 15:21

Нягледзячы на сцвярджэнні медыкаў, што Беларусі варта звярнуцца па дапамогу да СААЗ з прычыны эпідэміі грыпу, афіцыйная медыцына поўная аптымізму.

«Эпідэмічны ўздым у Менску завершаны», - паведаміла «Інтэрфаксу» загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

«30 лістапада скончыўся ўздым захворванняў на ВРВІ і грып. Апошнія некалькі дзён колькасць захварэлых не перавышае параговых значэнняў», - заявіла эпідэміёлаг, удакладніўшы пры гэтым, што «у Менску рэгіструецца 3-3,5 тыс. захворванняў на ВРВІ і грып у дзень, у пік эпідэміі гэта лічба складала 13-14 тыс.».

«З 2 па 30 лістапада ў Менску на ВРВІ і грып перахварэла 177 тыс. чалавек, што складае 9,5% ад агульнай колькасці насельніцтва Менска», паведаміла Фісенка, дадаўшы, што эпідэміёлагі характарызуюць эпідэмію, што прайшла, як «умеранай інтэнсіўнасці, але за кароткі перыяд».

Адзначым, што ў сваю чаргу беларускія медыкі заяўляюць, што ў Беларусі працягваецца эпідэмія грыпу. Асістэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Шаўлаў у інтэрв’ю БелаПАН паведаміў, што ўладам неабходна звярнуцца да міравой медыцынскай супольнасці, у прыватнасці да СААЗ, па дапамогу.

Шаўлаў падкрэсліў – у Менску зроблена перапрафіляванне ложкавага фонду пад пульманалагічныя аддзяленні: «Няўжо такое тыпічна для сезоннага ўздыму захворвання? Галаслоўна сцвярджаць, што ў нас няма нейкага захворвання, можна колькі заўгодна. Так Мінздароўя і робіць, адпраўляючы наўзамен пэўнай інфармацыі папяровыя патокі загадаў і справаздач».

Лічбы Мінздароўя не называе, аднак, падчас кансультацый у бальніцах, Н.Шаўлаў назіраў, як за адну ноч у рэанімацыі паміралі чатыры чалавекі, у тым ліку маладая цяжарная жанчына. Пнеўманія працякае настолькі цяжка, кажа ён, што штучная вентыляцыя лёгкіх не дае чаканага выніку, таму што цяжка падабраць рэжым яе дзеяння: «Мы сутыкнуліся з цалкам незразумелым захворваннем. Безумоўна, кагосьці атрымліваецца выратаваць. Мне вядомыя, нажаль, адзінкавыя выпадкі, калі пацыентаў атрымлівалася зняць жывымі з апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Большасць гіне».

Пры гэтым медык не выключае, што ў Беларусі можа быць эпідэмія атыпічнай пнеўманіі.

Апошнія навіны