BE RU EN

На «Менск-Арэну» прыйдзецца выдаткаваць у 3 разы больш

  • 10.12.2009, 9:02

Тэрміны будаўніцтва спартыўнага комплексу «Менск-Арэна» пасунутыя на год.

Акрамя таго, рэспубліканскі бюджэт возьме на сябе дадатковыя выдаткі, для пакрыцця якіх раней планавалася прыцягнуць інвестараў.

Паводле зацверджанага раней плану, будаўніцтва комплексу «Менск-Арэна» павінна было цалкам скончыцца ў 2010 годзе. Аднак прэзідэнт, які наведаў аб'ект на суботніку, запатрабаваў скараціць тэрміны, у выніку чаго будаўнікам была пастаўленая задача здаць комплекс да канца 2009 года. У гэтыя тэрміны будаўнікі, як і трэба было чакаць, не ўклаліся ў выніку чаго тэрмін заканчэння будаўніцтва ізноў пазначаны 2010 годам, паведамляе «Ежедневник».

Але, самае галоўнае, утрая павялічыўся для дзяржбюджэту кошт будаўніцтва амбіцыйнага спартовага комплексу. Адбылося гэта з прычыны таго, што раней меркавалася, што фінансаванне працаў па праектаванні і будаўніцтве Алеі спартовай славы, якая павінна была ўпісацца ў комплекс, будзе ажыццяўляцца Нацыянальным алімпійскім камітэтам за кошт яго ўласных сродкаў. Аднак зараз сітуацыя змянілася, і гэтыя выдаткі ўзяў на сябе рэспубліканскі бюджэт.

Нічога не атрымалася ў Менгарвыканкама і з прыцягненнем інвестара для будаўніцтва на «Менск-Арэна» шматузроўневай аўтастаянкі на 1080 машынамесцаў, аб'ектаў грамадскага харчавання, вольнага часу, забаўляльных і іншых аб'ектаў, якія маюць камерцыйнае прызначэнне. Менавіта гэтыя аб'екты, без якіх комплекс усяго толькі каробка, і дадуць дадатковую нагрузку на бюджэт.

Будаўніцтва вышэйпералічаных аб'ектаў, якое цяпер будзе фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту, павялічыла агульную суму выдаткаў на амбіцыйны праект больш чым на 323%, і было рашэннем урада ўключанае ў праект як дадатковы, пяты пускавы комплекс.

Апошнія навіны