МЗС Эстоніі занепакоены рэпрэсіямі супраць апазыцыі ў Беларусі
- 11.12.2009, 10:54
Урмас Паэт узняў пытанне пра адлічэнне прэс-сакратаркі «Маладога фронту» падчас сустрэчы міністраў замежных справаў Паўночных краінаў, краінаў Балтыі і Германіі.
Такім чынам, міністр замежных справаў адрэагаваў на зварот некалькіх буйных грамадскіх аб'яднанняў Эстоніі. Яны прасілі Урмаса Паэта адрэагаваць на адлічэнне прэс-сакратаркі «Маладога фронту» Таццяны Шапуцькі з Беларускага дзяржаўнага універсітэта за ўдзел у грамадзянскім форуме праграмы «Усходняе партнёрства», паведамляе «Радыё Свабода».
Прадстаўнік групы падтрымкі Беларусі Яўген Крыштафовіч заявіў, што рэпрэсіі ў дачыненні да студэнткі сведчаць пра практыку ўціску грамадзянскай актыўнасці ў Беларусі.
«Мы лічым, што студэнты не з'яўляюцца рабамі дзяржавы, і ВНУ не можа парушаць іх права на свабоднае перамяшчэнне», - заявіў Яўген Крыштафовіч.
«Таццяна Шапуцька ўваходзіць у праўленне найбуйнейшай дэмакратычнай моладзевай арганізацыі Беларусі «Малады фронт». Сябры гэтай арганізацыі рэгулярна церпяць ціск з боку ўладаў, некаторыя з іх і цяпер сядзяць у турме, як напрыклад Арцём Дубскі, прызнаны арганізацыяй «Міжнародная Амністыя» вязнем сумлення», - дадаў Крыштафовіч.
Група падтрымкі папрасіла міністра замежных справаў Урмаса Паэта звярнуць увагу Еўразвяза на бесперапынныя рэпрэсіі супраць студэнтаў і моладзі ў Беларусі і дапамагчы ім атрымаць адукацыю за мяжой.
У адказ міністр замежных справаў Урмас Паэт запэўніў, што Эстонія будзе сачыць за тым, як развіваецца сітуацыя з Таццянай Шапуцькай.
Нагадаем, што Таццяна Шапуцька была адлічаная з юрфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта пасля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі. Гэты выпадак выглядае абуральным нават на фоне звычайнай практыкі выключэння з беларускіх ВНУ палітычна актыўных студэнтаў. «Усходняе партнёрства» - ініцыятыва Еўрапейскага саюза, афіцыйна прынятая беларускім кіраўніцтвам. Нароўні з дзяржаўнымі структурамі да ўдзелу ў ёй запрошаная і грамадзянская супольнасць.