Адменены прысуд прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку
- 15.12.2009, 11:30
Судовая калегія Менскага гарадскога суду пад кіраўніцтвам суддзі Назаранкі адмяніла прысуд Першамайскага раённага суда ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі.
Прычына адмены – не разгледжаныя ўсе матэрыялы справы, Першамайскі суд пры разглядзе справы праявіў аднабаковасць, паведамляе «Радыё Свабода».
Справу накіравалі на перагляд назад ў Першамайскі раённы суд. Адвакат прадпрымальніка Дзмітры Лаеўскі не выключае, што перагляд можа адбыцца ўжо ў студзені 2010 года.
Мера стрымання Бандарэнку пакінутая без зменаў – ён знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі.
Нагадаем, што былы актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Бандарэнка ў пачатку кастрычніка 2009 года быў прысуджаны да сямі гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці па рашэнні суда Першамайскага раёна г.Менска.
Суддзя Леанід Ярмоленкаў прызнаў Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасці фірмы, якую стварыў сам прадпрымальнік. Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнаў і падаў скаргу ў Менскі гарадскі суд.
Андрэй Бандарэнка ў мінулым годзе ўдзельнічаў у выбарах у «палату прадстаўнікоў». Актывіст АГП спрабаваў аспрэчыць вынікі выбараў, і знаёмыя прадстаўнікі ўладаў папярэдзілі яго пра магчымыя «дрэнныя» наступствы. Бандарэнка не пакінуў спробы абараніць сваю пазіцыю. Праз нейкі час супраць яго завялі крымінальную справу.
АГП не выключае, што ён мог быць асуджаны па палітычных матывах.