BE RU EN

Сёння Дзень салідарнасці: «Не – палітычным выкраданням!»

  • 16.12.2009, 10:47

16 снежня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя пратэсту з заклікам спыніць выкраданні ў Беларусі апазіцыянераў.

З заклікам выйсці 16 снежня на акцыю салідарнасці ў Менску звярнуліся да беларусаў моладзевыя лідэры, якія перанеслі выкраданні ў 2009 годзе - адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, лідэры «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка і актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш. Апазіцыянеры заклікаюць грамадзянаў Беларусі праявіць салідарнасць і не дапусціць працягі рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў.

Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі выкраданняў людзей. 5 снежня быў выкрадзены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Невядомыя трымалі яго ў машыне 5,5 гадзінаў і выкінулі за 70 км ад Менска. 6 снежня быў схоплены актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Яго адвезлі за 20 км ад сталіцы. За тыдзень да гэтага невядомыя вывезлі за горад актывіста «Еўрапейскай беларусі» Уладзіміра Лемеша, патрабуючы з дапамогай збіцця і пагрозаў спыніць палітычную дзейнасць. Усяго сёлета было выкрадзена 6 моладзевых актывістаў. Апазіцыянеры мяркуюць, што выкраданні былі арганізаваныя спецслужбамі.

Удзельнікі акцыяў салідарнасці 16 снежня, якія пройдуць не толькі ў Менску, але і шмат якіх гарадах Беларусі і за мяжой, маюць намер таксама нагадаць, што ў беларускіх турмах па-ранейшаму знаходзяцца вязні сумлення. Гэта арыштаваныя ў лютым гэтага года ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч і раней пераследваўся за сваю актыўную барацьбу за правы прадпрымальнікаў. На думку праваабаронцаў, сёння яго бяздоказна абвінавачаваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў і збіраюцца судзіць на закрытым працэсе. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту Аўтуховіч галадаў у турме больш за 90 дзён, моцна падарваўшы здароўе.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі ў ліпені быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па знакамітай «справе 14-ці» - тады 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

У Беларусі па-ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999-2000 годах лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Апошнія навіны